Лябедзька: Мая партыя не атрымлівае з Захаду ні капейкі

На Еўранэсце ў Брусэлі старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі нечакана прапануе праверыць дапамогу, якую вылучаюць дэмакратычныя краіны на падтрымку грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. Паводле Анатоля Лябедзькі, ёсць незалежныя медыя, ёсць праваабаронцы, ёсць палітычныя структуры. Але ствараюцца і нейкія псеўда-дэмакратычныя арганізацыі. Размаўляем з палітыкам пра заяву, якая рызыкуе нарадзіць кучу сварак у дэмакратычнай супольнасці.

Еўрарадыё: Спадар Анатоль, ваша заява пра неабходнасць маніторынгу сродкаў, выдзеленых Захадам у якасці дапамогі беларускаму незалежнаму грамадству, ужо нарабіла шмат шуму. Не думаеце, што такі падыход можа ў выніку прывесці да пераследу? Накшталт такога, з якім сутыкнуўся Алесь Бяляцкі.

Анатоль Лябедзька: Мяркую, мы гаворым пра розныя рэчы. Адкуль з’явілася гэтае пытанне? Падчас працы рабочай групы Еўранэста паўстала пытанне, якім чынам дапамагаць свабодным медыя. Без заяваў пра тое, што ўсе мы любім свабоду слова і свабоду прэсы. Што канкрэтна зрабіць, каб у Беларусі незалежная прэса пачувалася больш камфортна і працавала больш эфектыўна. Гэта была мая рэфлексія — што трэба зрабіць? На мой погляд, трэба вызначыць прыярытэты. Таму што ёсць праца з Беларуссю, ёсць дапамога, але не вызначаныя прыярытэты. Невядома, што галоўнае на сённяшні дзень. Давайце пра гэта пагаворым. Для мяне асабіста ў прыярытэт трапляе незалежная прэса. Таму што без працы праз медыя з людзьмі немагчыма дабіцца зменаў у бліжэйшай перспектыве. На мой погляд, велізарная дапамога ідзе на незразумелыя і няясныя праекты. Яны, як мінімум, не працуюць. Гэта не ёсць інвестыцыя ў дэмакратыю, гэта ў лепшым выпадку інвестыцыі ў нейкіх канкрэтных людзей. Магчыма, у перспектыву нейкага наступнага тысячагоддзя.

Еўрарадыё: Вы можаце прывесці канкрэтныя прыклады — калі хтосьці не атрымлівае сродкі, а хтосьці атрымлівае зашмат?

Анатоль Лябедзька: “Белсат”. Адзіны спадарожнікавы незалежны беларускі канал. Ён не мае дапамогі з ЕС. Не мае. Толькі ад урадаў асобных краін — Польшчы, Швецыі. Калі Лукашэнка гаворыць, што апазіцыя атрымлівае сотні мільёнаў — у мяне гэта выклікае ўсмешку. А калі чыноўнікі з Еўрасаюзу гавораць, што дапамога Беларусі ўзрасла ў разы — я гэтага не разумею. Хочацца зразумець. Калі гэтая дапамога ёсць, то хочацца ведаць, куды яна ідзе. Гэтая мая заява — не дзеля заявы. Яна мае практычныя наступствы. Сарыюш-Вольскі, кіраўнік рабочай групы па Беларусі, падхапіў гэтую ідэю. І ён абяцаў, што наступныя дэбаты пройдуць акурат на гэтую тэму з удзелам еўрачыноўнікаў і бюракратаў.

Еўрарадыё: Якія накірункі, на ваш погляд, найбольш патрабуюць сродкаў?

Анатоль Лябедзька: Незалежная прэса, праваабарончыя арганізацыі. Іх існаванне дазволіць і палітычным арганізацыям працаваць лепш. Накірункаў можа быць і больш, гэта толькі маё меркаванне. Але я думаю, што мы павінны гэта рабіць найперш. Трэба гаварыць з еўрадэпутатамі. Мы не маем вялікага ўплыву на Захад. А яны могуць рабіць запыты, кантраляваць. Трэба рабіць аўдыт. Вось, нам гавораць, пяць мільёнаў накіравана. Дык давайце хаця б паглядзім, куды. Не будзем называць канкрэтныя арганізацыі, імёны. Назавем накірункі. І скажам, што 20% грошай ідзе на падтрымку незалежных медыя, яшчэ 20% — на абарону людзей, пацярпелых ад рэпрэсій. Тады будзе зразумела. А калі высветліцца, што на гэта ўсё ідуць толькі нейкія адсоткі, а астатняе — незразумела на што, то будуць пытанні. Магчыма, яны ідуць на тых самых еўрачыноўнікаў, якія сядзяць у Брусэлі, на нейкую лагістыку. Можа і такое быць.

Еўрарадыё: Хто найбольш эфектыўна можа правесці такі аўдыт?

Анатоль Лябедзька: Калі мы гаворым пра нейкія канкрэтныя асобы — то тут могуць быць пытанні. Кожны мае нейкія свае ўпадабанні. Я гавару пра інстытут парламентарызму. Еўрапарламент можа прымаць узважаныя рашэнні. І яны могуць прыцягваць да сваёй працы незалежныя структуры, якія займаюцца аўдытам. Магчыма, яны змогуць усё прааналізаваць і зрабіць высновы.

Еўрарадыё: Калі Захад адкрыта скажа, куды ідуць грошы і чаму менавіта туды, гэта можа выклікаць чарговае ўзмацненне прапаганды. Раптам стане вядома, што грошы атрымліваюць палітычныя партыі і структуры? Будзе скандал.

Анатоль Лябедзька: Паўтару яшчэ раз: неабходна вызначыць прыярытэты. Другое — эфектыўнасць. Я не хачу, каб сказалі, колькі і якая арганізацыя атрымлівае грошай. Не. Гэта пытанне не падымалася і такой мэты я не бачу. Хоць што датычыць палітычных партый, усё проста. Ніякіх сродкаў з Польшчы, з Брусэля ці хоць з Францыі Аб’яднаная грамадзянская партыя не атрымлівае. Ні капейкі. Я думаю, што тое самае ў большасці палітычных структур. Вось сёння мы сустракаемся ў Вільні з партнёрамі са Швецыі. Тут у нас семінар. І гэта ёсць іх інвестыцыі ў нашу партыю. Мы размаўляем пра пенсійную рэформу, шведы прывезлі да нас сваіх экспертаў. І ў гэтым іх падтрымка.

Мы не хочам ведаць, хто колькі атрымлівае. Мы хочам, каб былі вызначаныя прыярытэты ў аказанні дапамогі. Хочам ведаць, на які від дзейнасці выдаткоўваецца дапамога.

Еўрарадыё: Вы гаворыце, што АГП і іншыя палітычныя партыі не атрымліваюць грошай з Захаду. Адпаведна ўзнікае пытанне: за што яны існуюць? Дзейнасць, хай сабе і ў складаных умовах, усё адно патрабуе фінансавых сродкаў.

Анатоль Лябедзька: Пакуль у Беларусі шмат можна зрабіць з дапамогай валанцёраў. Выбарчая кампанія ў адной акрузе ва Украіне каштуе больш, чым уся прэзідэнцкая кампанія ў Беларусі. Гэта для параўнання. Там усё трымаецца на бюджэце, у Беларусі захавалася валанцёрства. Калі вы даеце чалавеку грошы на бак бензіна і на бутэрброд — гэта не заробак і не фінансаванне. У Беларусі можна праводзіць нейкую дзейнасць, якая не патрабуе вялікага бюджэту альбо ўвогуле не патрабуе яго. І за кошт гэтага выжываюць палітычныя партыі. У іх проста смешны бюджэт. У АГП ёсць сістэма ўнёскаў. Яны неабавязковыя і не штомесячныя. Але ў прынцыпе мы збіраем грошы з сяброў партыі. Гэта няшмат, але гэта ёсць. І яшчэ мы маем дапамогу ад дробнага і сярэдняга бізнесу. Некалі АГП стваралася як партыя, што адстойвае яго інтарэсы, і захавалася дапамога ад такіх людзей. Але гэта закрытая тэма, мы не будзем яе абмяркоўваць. Некалі дапамога бізнесу была пераважнай, сёння яна зменшылася. Але захоўваецца.

Еўрарадыё: Ці зможаце назваць месячны бюджэт АГП?

Анатоль Лябедзька: У нас 11 офісаў па Беларусі. АГП — адна з нешматлікіх арганізацый, якая захавала сетку. Мы выплачваем заробкі. І нам трэба на іх каля пяці тысяч долараў. Усё іншае — гэта дадатковыя выдаткі, якія могуць быць меншымі, могуць быць большымі. Іх нельга неяк ацаніць, падлічыць. Мінімальны бюджэт нам неабходны для падтрымання партыі, для існавання. Усё іншае, калі атрымліваем, ідзе на розную дзейнасць.

Фота - Радыё "Свабода".