Аляксандр Лукашэнка ў пятніцу прыйшоў на выставу навукова-тэхнічных дасягненняў і расказаў, што адмовіўся ад вядомага брэнда на карысць кампутара "Гарызонт". Пахваліў вытворцу, але запатрабаваў да канца года павысіць узровень лакалізацыі ноўтбука да 70%.
Як піша прэс-служба Лукашэнкі, ён канстатаваў, што ўжо і на Захадзе разумеюць, што "трэба перастаць займацца дурасцю і супрацоўнічаць з Беларуссю".
Выпуск беларускіх ноўтбукаў Лукашэнка анансаваў у мінулым верасні. Тады ж паказаў першы ўзор і распавёў, што ў ім пакуль толькі 12% беларускага, але "да канца года будзе 30%". Ноўтбук працуе на працэсарах Intel Core 11 пакалення. Продажы стартавалі перад новым годам, але практычна адразу кампутары зніклі з продажу.