Былы пастаўшчык IKEA з Беларусі адправіў у РФ мэблю на 30 млн долараў

Мэбля, ілюстрацыйнае фота

Мэбля, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Былы падрадчык фірмы IKEA з Беларусі — завод "Новус Індустры" выпускае мэблю на ўзор шведскага брэнду і пастаўляе яе ў Расію. Гэта высветліў Беларускі расследвальніцкі цэнтр.

Беларускае прадпрыемства супрацоўнічала з літоўскай VMG Group нават пасля таго, як тая заявіла аб прыпыненні працы ў Беларусі. А ўладальнік групы Сігітас Паўлаўскас да верасня 2026 года заставаўся ўласнікам амаль усяго прадпрыемства.

Галоўным пакупніком прадукцыі стала расійская кампанія "Сведста", якая кіруе сеткай "Гуд Лакк". Траціна кампаніі належыць беларусцы Івеце Бычковай, якая ў 2014–2020 гадах працавала ў "ВМГ Індустры" — былым найбуйнейшым сусветным пастаўшчыку IKEA. У 2023 годзе кампанія перайменавалася ў "Новус Індустры".

Пасля сыходу IKEA выручка "Новус Індустры" скарацілася амаль утрая: у 2021-м яна складала 387,4 млн рублёў, а ўжо ў 2025-м — толькі 143 млн руб. Пры гэтым на долю Расіі ў 2024-м прыпадала каля траціны выручкі.

Паведамляецца, што мэбля пастаўлялася ў Абхазію і на акупаваныя тэрыторыі Украіны. Мінімум адна пастаўка выяўленая ў Польшчы пасля забароны ЕС на імпарт беларускай мэблі.

У IKEA заявілі, што "Новус Індустры" цяпер не мае права выкарыстоўваць яе таварныя знакі і матэрыялы. Аднак парушэнняў закону, санкцый ці кодэксу павядзення пастаўшчыкоў праверка з IKEA не выявіла.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.