А1 уключылі ў спіс хостынг-правайдараў для дзяржаўных сайтаў Беларусі
Цяпер у спісе сем арганізацый, сярод іх — "Белтэлекам", "Беларускія воблачныя тэхналогіі" і Нацыянальны цэнтр электронных паслуг / people.dp.ua
Мабільны аператар А1 увайшоў у спіс пастаўшчыкоў хостынгу для афіцыйных сайтаў і электроннай пошты дзяржаўных органаў Беларусі. Адпаведны загад Аператыўна-аналітычнага цэнтра апублікавалі 10 кастрычніка на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Цяпер у спісе сем арганізацый, сярод іх — "Белтэлекам", "Беларускія воблачныя тэхналогіі" і Нацыянальны цэнтр электронных паслуг.
Пастаўшчыкі такіх паслуг павінны размяшчаць абсталяванне толькі на тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваць сертыфікаваныя сродкі абароны інфармацыі і рэгулярна рабіць рэзервовыя копіі сайтаў. Таксама яны абавязаныя кругласутачна сачыць за працай сайтаў і электроннай пошты, правяраць паведамленні на вірусы і спам, а пра сур’ёзныя праблемы бяспекі паведамляць Аператыўна-аналітычнаму цэнтру.
Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года сайты і камп’ютарныя сеткі беларускіх дзяржаўных устаноў неаднаразова станавіліся мішэнямі кібератак. Адказнасць за некаторыя ўзломы бралі на сябе "Кіберпартызаны".