Вы тут

Лукашэнка вызваліў ад пасады намесніка міністра па надзвычайных сітуацыях

Фота: minsknews.by

Аляксандр Лукашэнка вызваліў ад пасады намесніка міністра па надзвычайных сітуацыях Дзмітрыя Бягуна. Адзначаецца, што адбылося гэта “з-за здзяйснення ўчынкаў, якія дыскрэдытуюць званне работніка дадзенай службы”. Указ кіраўнік дзяржавы падпісаў 2 траўня, інфармуе БЕЛТА.

Дзмітрый Бягун падазраецца ў атрыманні хабару ад бізнесмена. Грошы яму перадавалі за вырашэнне пытання з уводам у эксплуатацыю аб’екта, на якім былі парушаныя патрабаванні пажарнай бяспекі. Лукашэнка паведаміў пра гэтую справу яшчэ ў сакавіку падчас наведвання Магілёва. “Хабар браў, — сказаў ён. — На месцы ўзялі ўсіх”. Ён дадаў, што намесніку міністра пагражае да 8 гадоў пазбаўлення волі. “Дапрацаваўся да генеральскай пасады, каб у турме правесці час”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.