Вы тут

Лукашэнка — пра амерыканцаў у Літве: 30 танкаў проста смешна для нашага войска

Падчас нарады / БЕЛТА

Аляксандр Лукашэнка пракаментаваў прыбыццё амерыканскай вайсковай тэхнікі на палігон у Літве. Гэта адбылося 28 кастрычніка, калі кіраўнік Беларусі заслухоўваў даклад па ваенна-палітычным становішчы, рызыках, выкліках і пагрозах для Беларусі, а таксама прапановы па рэагаванні, перадае БЕЛТА.

На нарадзе прысутнічалі дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Станіслаў Зась, міністр абароны Андрэй Раўкоў і начальнік галоўнага разведвальнага ўпраўлення — намеснік начальніка Генеральнага штаба Узброеных Сіл Павел Ціханаў.

Прыбыццё амерыканскай вайсковай тэхнікі на палігон Пабрадэ ў Літве беларускі кіраўнік назваў бранятанкавым кулаком. "Але 30 танкаў і 30 бронемашын — гэта проста смешна супраць беларускай арміі. Мы ж, як я часта кажу, чатыры мадэрнізацыі сваёй арміі правялі, і мы выдатна разумелі, якія кулакі будуць створаныя ля нашых межаў і з якім праціўнікам мы не дай бог зможам сутыкнуцца. Мы да гэтага рыхтаваліся, таму 30 танкаў проста смешна для нашага войска. Мы нават ніякіх рухаў можам не прадпрымаць, каб супрацьстаяць", — перадае БЕЛТА яго словы.

Разам з тым прыбыццё амерыканскай тэхнікі Лукашэнка ацаніў як дэманстрацыйны крок. Ён дадаў, што такое адбываецца ўпершыню, і Беларусь будзе вымушаная адказаць. "Пры гэтым трэба разумець, што мы не павінны бразгаць зброяй. Мы міралюбная дзяржава, мы не хочам ваяваць", — дадаў Лукашэнка.

Ён паведаміў, што ўважліва сочыць, як гэтыя тэма асвятляецца ў беларускіх СМІ. Рэакцыю ў беларускім грамадстве кіраўнік дзяржавы палічыў няправільнай. 

Лукашэнка абверг усялякія канспіралагічныя версіі. "Ніякай тут канспіралогіі няма. Яшчэ раз падкрэсліваю: гэтая брыгада не сапернік нашым Узброеным Сілам. Мы, шчыра кажучы, можам справіцца з імі нават нашымі мабільнымі дэсантна-штурмавымі падраздзяленнямi, якія выконваюць адпаведныя функцыі. У нас у саміх дастаткова сіл і сродкаў для таго, каб рэагаваць на падобныя рэчы, і не толькі на падобныя. Таму не трэба тут заклікаць увесь свет устаць на абарону Беларусі. Мы самі сябе зможам абараніць", — заявіў ён.

Кіраўнік Беларусі падкрэсліў, што войска гатовае супрацьстаяць любому агрэсару. "Вы бачыце па падзеях у Сірыі. Калі амерыканцы з бензавозамі або без бронетэхнікі, і нават без зброі, усе стараюцца далей ад іх трымацца. Толькі б не сутыкнуцца з амерыканцамі, таму што на іх абрынецца нейкая нязломная сіла. Гэта трэба ўлічваць. Войска ЗША, NATO, раскватараванае тут у Еўропе, гэта сапраўды сила. Але амерыканцы павінны разумець: не дай бог, нейкае сутыкненне, то мы (людзі ваенныя) у пашпарты глядзець не будзем. Хто супраць нас будзе ваяваць — амерыканцы, літоўцы, немцы ці яшчэ хтосьці... Мы ў пашпарты не глядзім", — прыгразіў Лукашэнка.

Ён перасцярог літоўскіх палітыкаў і кіраўніцтва, што беларускі бок зробіць свае крокі — напрыклад, правядзе вучэнні або штосьці яшчэ. "А літоўцы павінны разумець, што адэкватныя адказы — гэта адно. Але ў нас дастаткова сіл і сродкаў для таго, каб адказаць асіметрычна, як сёння прынята ў палітыкаў гаварыць", — дадаў беларускі кіраўнік.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.