Вы тут

Лукашэнка: можа, хто і хоча здрадзіць, здаць Беларусь, але не я

Аляксандр Лукашэнка падчас уручэння прэмій / БЕЛТА

9 студзеня падчас уручэння прэмій, у тым ліку і прэміі "За духоўнае адраджэнне", Аляксандр Лукашэнка назваў сябе шчырым прыхільнікам незалежнасці беларускай дзяржавы.

"Вы заўважылі, што апошнім часам у сваіх выступах я часта гавару аб суверэнітэце і незалежнасці,цытуе словы кіраўніка дзяржавы БЕЛТА. — Паверце, гэта ад душы. Тут няма ніякай хлусні, тут няма нейкага майго ўчынку ва ўгоду камусьці".

Лукашэнка заявіў, што ён "сапраўды прыхільнік гэтай ідэі... і не проста прыхільнік".

Беларускі народ атрымаў унікальную магчымасць пабудаваць сваю незалежную дзяржаву, працягваў Аляксандр Лукашэнка. І адзначыў сваю ролю ў гэтым. Беларускі кіраўнік зноў папярэдзіў пра нялёгкі год, які чакае народ.

"Мы ідзем не проста па тонкім лёдзе ці лязу, — гаварыў Лукашэнка. — Мы ідзем і хістаемся налева і направа. Не дай Бог, недакладны, няправільны крок — мы страцім усё".

Беларускі кіраўнік лічыць, што трэба спыніць "усялякія хістанні" па вуліцах — відавочна, гаворка ідзе пра нядаўнія антыінтэграцыйныя акцыі апазіцыі (цяпер над іх удзельнікамі ідуць суды). Таксама ён хоча, каб спыніліся размовы "пра тое, што нехта хоча здрадзiць і здаць Беларусь". "Можа, хтосьці і хоча... — кажа Аляксандр Лукашэнка. — Але не першы прэзідэнт, які гэтую краіну будаваў".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.