Лукашэнка: то Мацюшэўскі няправільна паступіў, то Калаўр не туды залез

26 красавіка з удзелам Аляксандра Лукашэнкі прайшла нарада, прысвечаная стану спраў у банкаўскай сферы. Прысутнічалі першы віцэ-прэм'ер Мікалай Снапкоў, старшыня Камітэта дзяржкантроля Васіль Герасімаў. Нечаканым госцем аказаўся Васіль Мацюшэўскі, экс-кіраўнік банка "БелВЭБ". З неафіцыйных крыніц вядома, што ў сакавіку кіраўніцтва гэтага банка было затрыманае, у тым ліку і Мацюшэўскі. Пазней яго вызвалілі, нібыта, для пошуку сродкаў для "кампенсацыі шкоды". У аўторак перад нарадай зноў жа з неафіцыйных крыніц стала вядома, што Васіль Мацюшэўскі пакінуў пасаду кіраўніка банка "БелВЭБ" (былым кіраўніком яго называе і сайт Лукашэнкі).

Мацюшэўскі быў сумны і нічога не запісваў, у адрозненне ад Снапкова і Герасімава.

Лукашэнка заявіў, што нядаўна даручыў кантралёрам праверыць стан спраў у банках. І высветлілася, што "недахопы ўласцівы ўсім нашым банкам", а значыць "кепска працуем з банкаўскай сістэмай". "То Мацюшэўскі няправільна паступіў, то Калаўр не туды залез", — шматзначна сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Старшыня праўлення Нацбанка Павел Калаўр, дарэчы, чамусьці не прысутнічаў. Невядома, куды ж "не туды" ён залез.

Кіраўнік КДК атрымаў заданне вызначыць, што банкам "можна, а што нельга". Прапановы Лукашэнка чакае ў чэрвені.

president.gov.by

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.