Вы тут

Лукашэнка: будучы прэзідэнт Беларусі ўжо нарадзіўся, але гэта не артыст

pixabay.com

26 верасня падчас сустрэчы ў Мінску з украінскімі журналістамі Аляксандр Лукашэнка ацаніў шанцы на перамогу ў нашай краіне на прэзідэнцкіх выбарах несістэмнага кандыдата. Гэта тое, што адбылося ва Украіне, дзе раптоўна вялізную народную падтрымку атрымаў Уладзімір Зяленскі.

"У нас гэта немагчыма, прабачце за нясціпласць, цытуе словы Лукашэнкі sb.by. — У нас зусім іншы падыход. І ў нас некалькі іншая рэчаіснасць".

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў Беларусі "сацыяльна арыентаваная эканоміка", адсутнасць алігархічных кланаў. Да таго ж беларусы і ўкраінцы — "гэта розныя людзі", — сказаў ён. Па словах Лукашэнкі, украінцы рызвычаіліся "самі за сябе адказваць і забяспечыць сваю сям'ю". А вось беларусы ўсё яшчэ спадзяюцца на дзяржаву: "І яшчэ калі дапамагаеш, некаторыя "бухцець" пачынаюць, што так, што не так".

Лукашэнка перакананы, што "ты не станеш прэзідэнтам, калі ты ім не нарадзіўся". "Тое, што будучы прэзідэнт нарадзіўся — гэта сто адсоткаў, — гаварыў беларускі кіраўнік. — ...Я нікога не прыглядаю, гэта не трэба хадзіць з біноклем і думаць — а хто, а хто?".

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што будзе кіраваць дзяржавай да таго часу, пакуль "ёсць здароўе" і пакуль яму давяраюць людзі.

Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі пройдуць у 2020 годзе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.