"Мы сябры, але з таваразваротам праваліліся": Лукашэнка прызнаў праблемы з Пакістанам
Шахбаз Шарыф і Аляксандр Лукашэнка / president.gov.by
На саміце ШАС Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прэм'ер-міністрам Пакістана Шахбазам Шарыфам і прызнаў: нягледзячы на "сяброўскія" адносіны, з гандлем паміж краінамі пакуль не вельмі атрымліваецца.
"Мы сябры, але ў мінулым годзе з таваразваротам крыху праваліліся. Адсоткаў на дваццаць".
Яшчэ ў красавіку 2025 года Лукашэнка заяўляў пра планы значна пашырыць эканамічнае супрацоўніцтва з Пакістанам. Сярод іншага, Беларусь была гатовая прыняць ад 100 да 150 тысяч пакістанскіх спецыялістаў.
Аднак з рэалізацыяй гэтых планаў усё аказалася не так проста. Нават цяпер у Пакістане шукаюць работнікаў для беларускіх прадпрыемстваў, але гаворка ідзе пра асобныя вакансіі, а не пра абяцаныя раней маштабы.
Затое ў палітыцы, паводле Лукашэнкі, паміж Мінскам і Ісламабадам усё добра. Пра "сяброўскія" і нават "сямейныя" адносіны беларускі кіраўнік казаў і раней.
Падобна, з гучнымі заявамі пра вялікае сяброўства праблем у Мінска значна менш, чым з рэальным таваразваротам.