Дарадца Ціханоўскай пракаментаваў канфлікт Сяргея Ціханоўскага са СМІ

Сяргей Ціханоўскі

Сяргей Ціханоўскі / facebook.com/Tihanovski.stihi

"Трэба разумець, што ад тваіх словаў і дзеянняў шмат што залежыць. Калі ты думаеш, што нічога не залежыць — гэта памылка".

Так Аляксандр Дабравольскі, дарадца Святланы Ціханоўскай па палітычных пытаннях, пракаментаваў у эфіры Еўрарадыё канфлікт Сяргея Ціханоўскага са СМІ.

Канфлікт пачаўся пасля публікацыі ў "Нашай Ніве" матэрыялу пра святкаванне дня нараджэння Ціханоўскага ў Нью-Ёрку. Выданне напісала, што свята адзначалася "з размахам". Гэта абурыла Ціханоўскага, які сказаў, што на святкаванне ўклаўся ў бюджэт 130 долараў. Ён прапанаваў збіраць факты непраўдзівай інфармацыі ў беларускіх недзяржаўных СМІ, каб потым перадаць іх донарам.

Таксама Ціханоўскі запісаў некалькі відэаролікаў, дзе не асабліва стрымліваўся ў выразах, гаворачы пра супрацоўнікаў "Нашай Нівы".

Дабравольскі прызнае, што крыўда Ціханоўскага на НН можа мець падставы: "Можна было інакш напісаць. /.../ Але гаварыць, што трэба быць прыстойным, і выкарыстоўваць непрыстойныя выразы і аб'яўляць вайну сродкам масавай інфармацыі — гэта для палітыка абсалютна непрафесійна".

Ён кажа пра бесперспектыўнасць вайны з медыямі, асабліва для палітыка: "Калі хочам зрабіць такія медыі, як цяпер у Беларусі, калі ім сказалі, што пісаць, і яны ўзялі "пад казырок" і пішуць — навошта нам тады ўсё змаганне?.. Трэба памятаць пра галоўнае. Трэба трымаць сябе ў руках. І трэба памятаць, што ёсць наступствы кожнага слова і кожнага дзеяння, калі ты публічная фігура".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.