Вы тут

Крутой пра ваду ў Мінску: Не думаю, што тут ёсць нейкі залішні форс-мажор

Дзмітрый Крутой / БЕЛТА

Сітуацыя з вадой у Мінску ўжо цалкам лакалізаваная, амаль ва ўсе дамы падаецца якасная вада. Пра гэта намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Дзмітрый Крутой заявіў журналістам у Салігорску. 

"Ёсць яшчэ некалькі аб'ектаў сацыяльнай інфраструктуры, дзе заканчваецца адпампоўка няякаснай вады. Міністэрства аховы здароўя, вядома, перастрахоўваючыся і атрымліваючы вынікі апошніх аналізаў літаральна ў рэжыме онлайн, яшчэ не зняла забарону прама цяпер. Але думаю, што да канца дня — да пачатку раніцы вада будзе дазволеная і для пітных мэтаў", — перадае БЕЛТА словы Крутога.

Чыноўнік заявіў, што аб прычынах здарэння пакуль казаць рана. Але, маўляў, адпаведныя службы аператыўна адрэагавал на сітуацыю. "Профільны віцэ-прэм'ер, які знаходзіўся ў гэты час з візітам у Віцебску на будаўнічых аб'ектах, тут жа вярнуўся назад у Мінск. Быў арганізаваны штаб, ён працаваў у кругласутачным рэжыме", — распавёў чыноўнік. Пра сітуацыю паведамілі прэм'ер-міністру. 

Праўда, Крутой не патлумачыў, чаму мінчукам цэлы дзень 24 чэрвеня расказвалі, што вада прыдатная для піцця і не здарылася нічога страшнага.

Распавёў ён афіцыйную версію здарэння: "Базавай версіяй на сёння з'яўляецца тое, што падчас рамонтных работ, калі замяняўся ўчастак вадаправода, у астатняй частцы вада на працягу месяца або паўтара ва ўмовах спякоты і пад уплывам іншых фактараў застаялася. Калі ўвесь вадаправод быў звараны, яна трапіла ў сістэму".

Ён дадаў, што гэта толькі базавая версія, а канчатковыя прычыны будуць выяўленыя па выніках афіцыйнага расследавання. 

Пры гэтым Крутой заявіў, што сітуацыя з вадой перабольшваецца пад уплывам выбарчай кампаніі: "Не думаю, што тут ёсць нейкі залішні форс-мажор. Магчыма, на фоне праходзячай у тым ліку палітычнай кампаніі любая падзея разглядаецца пад павелічальным шклом".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.