Дар'я Жук: "Оскараўскі" фільм я прыдумала ў чарзе ў амерыканскую амбасаду

Дар'я Жук падчас здымак фільма "Хрусталь". Фота Ігара Чышчэні
Дар'я Жук падчас здымак фільма "Хрусталь". Фота Ігара Чышчэні

30 жніўня ў мінскіх кінатэатрах стартуе пракат фільма "Хрусталь" беларускай рэжысёркі з Нью-Ёрка Дар'і Жук. Карціна асаблівая: упершыню за 20 гадоў Беларусь вырашыла вылучыць фільм на "Оскар" у катэгорыі "Лепшы замежны фільм", і выбар паў менавіта на кіно Дар'і. У інтэрв'ю Еўрарадыё Дар'я распавяла, як ствараўся фільм, пра што ён і як гэта — калі тваё тварэнне ацэньваюць гледачы і крытыкі прэстыжных кінафорумаў.

Дар'я Жук нарадзілася ў Мінску. Скончыла Гарвардскі і Калумбійскі ўніверсітэты, працавала на тэлеканале НВО, зняла некалькі кароткаметражных фільмаў. "Хрусталь" — яе першы досвед у поўнаметражным кіно. Сусветная прэм'ера фільма прайшла на кінафестывалі ў Карлавых Варах. Стужка была паказана на фестывалях у Нью-Ёрку, Котбусе, Таліне, Адэсе. У Таліне і Адэсе атрымала ўзнагароды.

Сюжэт фільма разгортваецца ў 90-я ў Мінску: дзяўчына-дыджэй марыць з'ехаць у Амерыку, але робіць памылку ў дакументах на візу. У фільме паказаны рэйвы 90-х, стыхійныя рынкі і мара моладзі пра эміграцыю.

"Аднойчы я доўга стаяла па візу ў чарзе ў амерыканскую амбасаду"

Аднойчы я доўга стаяла па візу ў чарзе ў амерыканскую амбасаду ў Мінску і зразумела, што гэта чарга была б добрай сцэнай у кіно. Людзі, якія стаялі са мной побач, перажывалі, агалялі душу, гатовыя былі расказаць усё сваё жыццё. Гэтая тэма ў мяне засталася ў свядомасці. А потым, 10 гадоў таму, адбылася зусім кур`ёзная гісторыя з адной маёй сяброўкай: яна падала ліпавыя дакументы ў амбасаду і трапіла ў калатнечу, якая і стала завязкай сюжэту ў "Хрусталі". Працаваць над сюжэтам са сцэнарысткай Хельгай Ландаўэр мы пачалі толькі праз некалькі гадоў.

"Фільм пра асабістую свабоду"

Для мяне гэта фільм пра асабістую свабоду і пра немагчымасць асабістай свабоды — калі людзі побач з табой таксама несвабодныя ўнутры. Наогул гэта шматузроўневы фільм.

"Мне патэлефанавалі з Лос-Анжэлеса і сказалі: "Так! Так, гэта добра!"

Не думала, што людзі зацікавяцца маім кіно. Мабыць, трэба было дачакацца моманту, калі 90-я стануць зноў актуальнымі, прачнецца цікавасць да рэйв-субкультуры. Таму праца над сцэнаром адбывалася доўга, наскокамі. То адкладалі, то браліся за яго зноў. У выніку сцэнар пісаўся пяць гадоў. А потым, два з паловай гады таму, мне патэлефанавалі з Лос-Анжэлеса і сказалі: "Так! Так, гэта добра! Мы дамо 10% фінансавання на гэты фільм, а астатняе ты сама знойдзеш". Але гэта першае "так", калі ты раптам чуеш, што нехта зразумеў тое, што ты спрабуеш сказаць, напэўна, самае галоўнае.

"Идея "оскаровского" фильма родилась в очереди в американское посольство"
Дар'я Жук атрымлівае гран-пры Адэскага кінафестывалю. Фота tsn.ua

"Нам трэба тэрмінова выйсці замуж і потым тэрмінова развесціся"

Першы раз я прыехала ў Мінск здымаць фільм, але не атрымалася запусціцца, таму што не было грошай. Адчувала, што эмацыйна гатовая, але вытворчыя рэчы складваліся не да канца. Гэта залежала ад фінансавання. Нехта прыходзіў, нехта сыходзіў у плане абяцання грошай на кіно. Гэта быў верасень 2016-га. Але да студзеня я стала разумець, што здымкі непазбежныя, і што гэта павінна адбыцца альбо зараз, альбо ніколі... Змешаныя пачуцці. Ты ж вельмі рызыкуеш. На самай справе гэта велізарны страх і пераадоленне сябе. Тым больш ты робіш гэта ўпершыню. Так, я зняла шмат кароткаметражных работ, але ствараць такога аб'ёму працу і адначасова працаваць з людзьмі, якіх ты раней не ведаў, было не проста. Як сказала мой аператар, нам трэба тэрмінова выйсці замуж і потым тэрмінова развесціся. Таму што ты праводзіш дзень і ноч з новай кінасям’ёй, і табе трэба наладзіць тэлепатычныя сувязі, каб цябе разумелі.

Здымкі праходзілі ў Мінску ў сакавіку 2017-га года на працягу 22 дзён. У Нямеччыне рабілі гук, у Расіі — частку спецэфектаў. Доўгі час я правяла ў Маскве ў пошуку галоўнай гераіні. На жаль, моладзь з'язджае туды вучыцца, і многія беларусы ўжо там — я з імі пазнаёмілася. Галоўную гераіню, Вулю Сароку, сыграла Аліна Насібуліна... Я працавала над фільмам да самай прэм'еры. Вельмі складана дарабіць кіно, калі ў цябе няма дэдлайну.

"Прадзюсар Валерый Дзмітрачэнка — гэта падарунак"

Мы пазнаёміліся, калі ў мяне быў гатовы сцэнар. Гэта значыць, нехта на нябёсах нас склаў у адну калоду карт. У яго велізарны досвед, ён добра ведае 90-я, таму што ў той час быў адным з першых маладых прадзюсараў, якія прыйшлі на "Беларусьфільм" і якія распачалі працаваць у незалежным кіно. Валера кожны вечар мне тэлефанаваў і пытаўся: "Ну як?". Добры прадзюсер — гэта той, які думае на тры крокі наперад. Важна размаўляць з прадзюсарам не тады, калі ў цябе ўзнікае нейкая праблема, а загадзя. Ты абмяркоўваеш свае страхі, надзеі, думкі.

"Идея "оскаровского" фильма родилась в очереди в американское посольство"
Кадр з фільма "Хрусталь"

"Нас запрасілі ў Карлавы Вары, а мне хацелася большага"

Нас запрасілі ў Карлавы Вары, а мне хацелася большага. Але ў выніку я была так рада, што гэта Карлавы Вары, а не Берлін. А то ў мяне быў бы разрыў сэрца, калі б гэта было нешта большае. Аказваецца, гэта такі стрэс — першы раз паказваць свой фільм гледачам... Я ўсё спрабую да гэтага прывыкнуць, але, напэўна, гэта прыходзіць з гадамі. Мне проста хацелася перастаць быць рэжысёрам. Момант да паказу невыносны, гэта абсалютна жудаснае хваляванне. Я думала: "Чаму, чаму мы гэта з сабой робім? Навошта такая пакута?". Але ўсё добра прайшло. Гледачы былі цудоўныя, пра фільм размаўляў увесь фестываль. Мясцовая фестывальная газета, як потым мне прызналася адна журналістка, спецыяльна старалася паменш пісаць пра мой фільм, паколькі ўсе толькі пра яго і размаўлялі. Маўляў, каб не думалі, што хтосьці праплаціў хайп вакол карціны.

У Адэсе ўсё было менш хвалююча, але больш радасна. Ты ведаеш, што людзі будуць глядзець фільм на рускай мове, а не чытаць субтытры, таму ім прасцей будзе яго ўспрымаць. Гэта было сапраўды так. У Адэсе зусім геніяльныя гледачы, якія размаўляюць з кінапалатном, яны гэта нават рабілі ўслых. Апладысменты былі падчас паказу. Калі ў Карлавых Варах я выседзела паказ, то ў Адэсе мяне хапіла на паўфільма.

"Я не арганізоўвала оскараўскі камітэт і не хадзіла на "Беларусьфільм"

Я ведаю, што Ігар Паршнёў ў нейкім інтэрв'ю казаў, што я прынесла дакументы на "Беларусьфільм". Не. Мая амерыканская прадзюсарка пасля здымак у мінулым годзе сказала: "У цябе добры фільм, можна спрабаваць падацца на "Оскар", фільм чакаюць добрыя фестывалі". Гэты момант яна абмеркавала з маім беларускім прадзюсарам Валерам Дзмітрычэнкам. Маўляў, карціна можа быць прыстойным канкурэнтам прыстойным фільмам з іншых краін. І вось у Беларусі ўзгадалі, што, напэўна, зноў можна арганізаваць камітэт, які быў, але паступова памёр, таму што ён не быў функцыянальным. Дакументамі займаліся прадзюсары. Наогул усе гэтыя дакументы вісяць у інтэрнэце. Іх не трэба нікуды прывозіць і нікуды аддаваць. Гэта грамадская інфармацыя, якая была заўсёды і ўсім даступная... 

Так, "Беларусьфільм" крыху дапамог грашыма — на кінастудыі ў нас быў офіс, мы выкарыстоўвалі натурпляцоўку "Беларусьфільма". Гэта былі драбкі, хоць я ўсё роўна за гэта вельмі ўдзячная. 

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі