Вы тут

Гэта мігранты, не нашы грамадзяне. Ці пакараюць мігрантаў за незаконную высечку

Чаму не адрэагавала лясная ахова? / БелТА

8 лістапада мігранты высеклі некалькі дрэў у беларускім лесе ля мяжы з Польшчай. Гэта можна ўбачыць на фота і відэа, якія былі знятыя на месцы падзей і самімі ўцекачамі, і праўладнымі журналістамі.

Нагадаем, учора раніцай велізарная калона курдаў прыйшла да беларуска-польскай мяжы. Пасля абеду людзі спрабавалі прарвацца на тэрыторыю Польшчы праз драцяную агароджу. Для пераадолення перашкоды ўцекачы высякалі дрэвы і закідвалі бярвёны на загароду.

За такія парушэнні ў Беларусі належыць штраф да 20 базавых велічынь (580 рублёў), згодна з артыкулам 16.17 Адміністрацыйнага кодэкса.

У лесагаспадарчым аддзеле Гродзенскага лясгаса, у падпарадкаванні якога знаходзіцца гэты ўчастак лесу, так пракаментавалі тое, што здарылася.

— Вы ўжо не першая гэта паведамляеце [пра высяканне дрэў на мяжы. — Еўрарадыё]. Там жа памежная паласа. У памежнай паласе ідзе высяканне. Памежныя войскі там меры прымаюць. Міліцыя таксама падключаецца, — адказаў работнік лясгаса.

— Значыць, лясгасы ніяк не ўплываюць на тую тэрыторыю, не ахоўваюць там лес?

— Не, уплыў ідзе. Але разумееце, тут такое пытанне. Гэта ж імігранты, гэта ж не тое, што там нашы грамадзяне Рэспублікі Беларусь.

— Значыць, нашым грамадзянам за незаконнае высяканне можна штраф даваць, а мігрантам — не?

— З міністэрствам звязваюцца і вырашаюць пытанне.

— Значыць, усё-ткі вырашаецца пытанне, ці будуць гэтыя людзі аштрафаваныя або не?

— Ну так. Дзякуй, што тэлефануеце. Вы не першая, мы ўжо ў курсе, — завяршыў размову работнік.

Варта адзначыць, на відэа з мяжы таксама відаць, што мігранты расклалі некалькі вогнішчаў у лесе. За развядзенне вогнішчаў у забароненых месцах прадугледжаны штраф да 12 базавых (348 рублёў).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.