Гайдукевіч: Дайце мне мае грошы, падзелім пароўну і паедзем разам на Канары

Дэпутат Сяргей Гайдукевіч мае такі ж заробак, як намеснік міністра фінансаў Андрэй Тур, старшыня Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына ацэньвае свой гадавы даход у 35 мільёнаў рублёў, а сенатар Мікалай Чаргінец наадрэз адмаўляецца казаць пра свае даходы, бо баіцца, што пра гэта даведаецца жонка. ***
Украінскія СМІ днямі падвялі вынікі кампаніі па падачы дэкларацыяў дзяржчыноўнікамі і назвалі самага беднага ўкраінскага міністра. Паводле падатковых дэкларацыяў, ім стаў міністр унутраных справаў Украіны Юры Луцэнка. Ён дакументальна пацвердзіў, што за мінулы год яго сярэднемесячны даход быў каля 280 долараў. Варта адзначыць, што даход сям’і міністра пры гэтым склаў каля 97 тысячаў долараў.

Еўрарадыё вырашыла пацікавіцца пра даходы нашых чыноўнікаў, але, у адрозненне ад украінскіх калег, беларускае Міністэрства па падатках і зборах сцвярджае, што гэта таямніца.

МПЗ: Гэта падаткавая таямніца! Любыя звесткі, якія атрымлівае падатковая ад плацельшчыка, якім бы ён ні быў, пачынаючы ад прыбіральшчыцы і скончваючы кіраўніком дзяржавы, гэта ўсё з’яўляецца падаткавай таямніцай, і яно не падлягае ніякай публікацыі ці разгалошванню паводле падатковага заканадаўства.

Там жа нам параілі звяртацца непасрэдна да чыноўнікаў: маўляў, калі яны вам самі распавядуць, тады і параўноўвайце.

Мікалай Чаргінец, сенатар і старшыня афіцыйнага Саюзу пісьменнікаў, пра свае даходы распавядаць адмовіўся, спаслаўшыся на тое, што так пра яго заробак даведаецца жонка.

Чаргінец: “Ніколі не скажу, а то мая жонка праз вас даведаецца. Гэта ж мая асабістая справа”

А вось старшыня Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына сакрэту з заробку не робіць:

Ярмошына: “Прыкладна 3 мільёны 300-400 тысячаў...”

Але сукупны гадавы даход Лідзія Ярмошына вылічвае, не проста памнажаючы заробак на 12, але ўлічвае і адпускныя, і спецыяльную дапамогу да адпачынку:

Ярмошына: “Дзесьці 30 мільёнаў... З дапамогай да адпачынку дзесьці 35 мільёнаў. Гэта асобна ад адпускных у нас ёсць дапамога да адпачынку, у кожнага дзяржслужбоўца”.

Пры гэтым старшыня Цэнтрвыбаркаму сказала, што ніякіх іншых прэміяў, бонусаў, аздараўляльных ці ільготаў, акрамя прыгаданай дапамогі да адпачынку, не атрымлівае.

Прыкладна тры мільёны зарабляе і намеснік міністра фінансаў Андрэй Тур. У гэтыя тры мільёны ўваходзяць і прэміі, аднак сукупны гадавы даход у яго большы, бо спадар Тур яшчэ і выкладчык.

Тур: "Уся справа ў тым, што я яшчэ і выкладаю, я ў ВНУ працую. Мяркую, што мільёнаў сорак".

Лідэр Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Гайдукевіч па заробку блізкі да намесніка міністра фінансаў - тыя ж тры мыльёны. Аднак ад бонусаў, прэміяў і аздараўляльных дэпутат зацята адмаўляўся. Нават паскардзіўся, што за адпачынак падчас прэзідэнцкай кампаніі яму нават адпускных не заплацілі:

Гайдукевіч: "Ніякіх бонусаў і прэміяў не існуе, гэта ўсё лухта. Проста даюцца адпускныя, калі ідзеш у адпачынак, як і ва ўсіх людзей. Адпускныя называюцца аздараўленнем, ніякіх схаваных грошай, нічога там няма. Я сыходзіў у адпачынак, калі была прэзідэнцкая кампанія. Я ж быў дэпутат, а па Канстытуцыі трэба браць адпачынак на час удзелу ў выбарчай кампаніі. Я аформіўся, і ні капейкі мне не далі".

У адказ на пытанне пра схаваныя рахункі, якія сайт kompromat.ru ацэньвае больш чым у 3 мільёны долараў, Сяргей Гайдукевіч прапанаваў знайсці гэтыя ягоныя грошы і падзяліць пароўну:

Гайдукевіч: "Дайце мне мае грошы, слухайце. Абяцаю вам, 50 на 50 – едзем на Канары. Хаця б паўмільёнчыка. Вось бы я быў дурань, сядзеў бы ў Беларусі, калі б у мяне такія грошы былі".

Варта адзначыць, што, напрыклад, у суседніх Польшчы і Украіне, да прыкладу, палітыкі абавязаныя публікаваць дэкларацыі пра свае даходы і маёмасць. Такога кшталту дадзеныя можна свабодна знайсці ў інтэрнэце, а таксама на афіцыйных старонках палітыкаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі