Вы тут

Галоўны ўрач: “Чалавек, які памёр у "Экамедсервісе", не быў нашым пацыентам”

Галоўны ўрач "Экамедсервіса" Іван Рыжко кажа ў каментары Еўрарадыё, што чалавек, які ў пятніцу памёр у медцэнтры, нават не быў яго пацыентам. Мужчына проста суправаджаў сваю жонку.

“Да нас у цэнтр прыехала яго жонка. Мужчына суправаджаў яе. Яму на вуліцы стала кепска. Ён толькі зайшоў і потым згубіў прытомнасць у нас у холе цэнтра. А не падчас чакання сваёй чаргі, як пішуць на tut.by”, — распавядае галоўны ўрач.

Паводле слоў Рыжко, на месца тэрмінова прыбылі хірург, кардыёлаг, тэрапеўт. Праводзіліся рэанімацыйныя мерапрыемствы. Хуткая прыехала вельмі аператыўна, яна імгненна падключылася да рэанімацыі чалавека, але на жаль эфекту гэта не дало, адзначыў галоўны лекар.

Раней некаторыя СМІ паведамлялі, што памерлы, мужчына 1952 года нараджэння, прыехаў у Мінск з Рэчыцы, нібыта, са сваёй знаёмай, каб прайсці абследаванне ў медцэнтры. Падчас чакання ў калідоры мужчыне стала блага. Медыкі спрабавалі яго ўратаваць, але ў 8.05 канстатавалі смерць. Адзначалася, што паводле папярэдняй версіі, смерць не мае крымінальнага характару. Мяркуецца, што мужчына памёр ад трамбозу.

Як вядома, тры гады таму ў "Экамедцэнтры" пасля пластычнай аперацыі памерла 23-гадовая пацыентка. Вінаватымі ў яе смерці прызналі лекара-анестэзіёлага, які атрымаў чатыры гады калоніі. На тры гады быў асуджаны галоўны інжынер цэнтра, а гендырэктарка “Экамедсервіса” атрымала два гады ўмоўна.