Галоўнае, ва ўсім прызнавайся: псіхічнахворы атрымаў 2 гады калоніі "за мітынг"

Дзмітрый Гопта ў дзяцінстве / сямейны архіў
Дзмітрый Гопта ў дзяцінстве / сямейны архіў

"Пытаюцца: "Якая была машына?" Ён: "Ну... сіняя". Яму: "Якая?" Ён: "Га... ГАЗон, напэўна". Пракурор выпраўляе: "Дык гэта газель!" Ён: "Ну так, газель", — апісвае эпізод суда над сынам жыхарка Жлобіна Вольга Гопта.

5 лютага "за ўдзел у масавых беспарадках" і "гвалт у дачыненні да міліцыі" суд Жлобінскага раёна пакараў двума гадамі калоніі 21-гадовага Дзмітрыя Гопту.

Па словах маці, Дзіма вучыўся ў інтэграцыйным класе, у яго — разумовая адсталасць і "яму там знаходзіцца ніяк нельга".
 

Хто такі Дзмітрый Гопта

Дзіма любіць гуляць у футбол і глядзець хакей; часам ходзіць на матчы ў Жлобіне. На гульні ў іншыя гарады мама яго не пускала, баялася, што нарвецца на непрыемнасці.

"Дзіма развіваўся дрэнна, у школу пайшоў амаль у восем гадоў, вучоба не давалася. Калі ён вучыўся ў трэцім класе, мы звярнуліся да псіхіятра. Пасля абследавання ў Гомелі спецыялісты паставілі яму дыягназ, які ў медыцынскай тэрміналогіі пазначаецца кодам F70.1 [разумовая адсталасць лёгкай ступені, значнае парушэнне паводзін, якое патрабуе догляду і лячэння. — Еўрарадыё]. Сына накіравалі ў інтэграцыйны клас. Там не вывучалі ні фізіку, ні хімію... Дзіма да гэтага часу піша з вялізнымі памылкамі, почырк ніякі. Нават слупком не памножыць як трэба", — расказвае мама Дзімы.

“Главное, во всём сознавайся”: душевнобольной получил 2 года колонии “за митинг”
Вольга Гопта / архіў

У той жа час хлопчык рос добрым, цягнуўся да людзей і любіў жывёл. Аднойчы Вользе патэлефанавалі знаёмыя, якія раздавалі на вуліцы кацянят, і папрасілі дазволу падарыць аднаго Дзіму. Мама пагадзілася. З усяго сямейства сын выбраў "самага страшненькага" і слабага.

Калі хлопец скончыў школу, Вользе параілі адправіць яго ў будаўнічы каледж у Рагачове, каб ён атрымаў хоць нейкую спецыяльнасць. Так Дзіма не без цяжкасцяў адвучыўся на будаўніка-цесляра. Жыць разам з аднагрупнікамі было цяжка. Праз начное нетрыманне хлопец часцяком вяртаўся пасля заняткаў у Жлобін, а раніцай зноў ехаў вучыцца. Праз хваробу і паездкі туды-сюды хутка стамляўся, майстры такога навучэнца не вылучалі.

Маці кажа, што шмат разоў спрабавала ўладкаваць сына на працу, але працадаўцы адмаўлялі яму з першага погляду. Інваліднасць медыкі таксама не аформілі, сказалі, што людзі працуюць і з горшымі дыягназамі, маўляў, дрэнна шукаеце.

“Главное, во всём сознавайся”: душевнобольной получил 2 года колонии “за митинг”
Даведка аб стане здароўя

"Калі б Дзіму аформілі інваліднасць, дзіця атрымлівала б хоць нейкія грошы, а я магла б быць яго законным прадстаўніком на судзе", — уздыхае Вольга. 
 

"Вашага сына затрымалі за несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы"

28 жніўня каля 14:00 у дом, дзе жыве Дзімава сям'я, прыехалі следчыя. Хлопца забралі на вачах у старэйшай сястры, тлумачыць нічога не сталі.

"Мы нічога не зразумелі, — кажа Вольга. — Толькі ўвечары патэлефанавала адвакатка і паведаміла: "Вашага сына затрымалі за несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы 10–11 жніўня". Мне, шчыра кажучы, адразу стала смешна. Якія масавыя мерапрыемствы? Дзевятага чысла мы схадзілі сям'ёй на выбары. Потым адключылі інтэрнэт: пра тое, што нешта адбываецца, даведваліся з навін па тэлевізары, пакуль там штосьці яшчэ паказвалі. Я адразу папрасіла Дзіму: "Ты толькі нікуды не хадзі, не дай бог што". Адвакат кажа, што прыехала да яго а 17:00 і ён ужо даў прызнальныя паказанні. Аказваўся на яго ціск ці не, я не ведаю".

На допыце Дзіма расказаў, што 10 жніўня каля 18:00 вяртаўся ад сябра, убачыў натоўп, яму стала цікава і ён далучыўся да яго. Вольга кажа, што ў сям'і паспрабавалі зрабіць усё магчымае, каб з 9-га да 14-га чысла ён менш выходзіў з дому, але дапускае, што ў гэты час сын мог кудысьці выйсці.

“Главное, во всём сознавайся”: душевнобольной получил 2 года колонии “за митинг”
Вольга Гопта з дзецьмі

Пасля затрымання хлопец правёў у СІЗА тры дні. Калі ён вярнуўся, маці паспрабавала даведацца, чаму ён даў прызнальныя паказанні, можа быць, білі? Той адказаў: "Білі ў жывот, трапілі па нагах". Большага дамагчыся не ўдалося, хлопец не хацеў размаўляць нават з дзедам. Проста ішоў у іншы пакой.

"Ён быў напалоханы і баяўся пра гэта расказваць, чаму — я не ведаю", — кажа Вольга.
 

Спачатку казалі, да суда не дойдзе, потым выклікалі абвінавачваным

У сярэдзіне верасня ў дом, дзе жыве Дзімава сям'я, прыехалі з ператрусам. Бацька хлопца абурыўся, але следчы яго супакоіў, маўляў, на вашага сына нічога няма, магчыма, справа нават не дойдзе да суда, а калі і дойдзе, пойдзе як сведка.

Пасля ператрусу Дзіму дапыталі і пакінулі ў спакоі. З дома нічога не вынеслі, толькі папрасілі даць джынсы хлопца, якія ён часта носіць. Да гэтага ў СІЗА забралі байку Adidas "для экспертызы".

“Главное, во всём сознавайся”: душевнобольной получил 2 года колонии “за митинг”
З дзяцінства ў Дзімы праблемы са зрокам

Наступіла зацішша.

"А потым раптам прыйшлі паперы аб тым, што справу перадаюць у суд і Дзіма выкліканы ў якасці абвінавачванага ў здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных часткай 1 артыкула 341 і артыкулам 364 Крымінальнага кодэкса. Нам паведамілі, што 10 жніўня ў 23:30 Дзіма нібыта кідаў камянямі ў машыну з міліцыяй. Я кажу: "Як? Ён быў дома! Як на яго можна гэта павесіць?" Я дакладна памятаю: не было інтэрнэту, мы сям'ёй не спалі і абмяркоўвалі навіны. Цікава, што пазней, калі інтэрнэт ужо далі, там праскочылі сюжэты, што ў Жлобіне былі камянямі закіданыя машыны. Я яшчэ тады сказала дачцэ: "Як добра, што Дзіма быў на маіх вачах і нікуды не ўлез". Таму што ён такі: будуць на вуліцы біцца — спыніцца, адкрые рот і стане глядзець. Усе разбягуцца — Дзіму забяруць".
 

"Калі зачыталі прысуд, усе былі ў шоку"

Першае пасяджэнне суда над Дзмітрыем Гоптам прайшло 27 студзеня, 28-га было яшчэ два слуханні. Пасля спрэчак 5 лютага Дзіму забралі пад варту проста з залы суда.

"Нам далі дзяржаўнага адваката, магчымасці наняць прыватнага ў мяне не было. Калі мы падыходзілі да суда, адвакатка кажа Дзіму: "Ты, галоўнае, ва ўсім прызнавайся, як раней, але прасі, каб строга не каралі". Калі я спытала, чаму ён павінен прызнавацца ў тым, чаго не рабіў, яна адказала, што, калі адмовіцца ад сваіх слоў, могуць пасадзіць. Яму гэта ўнушылі. Ён да апошняга спадзяваўся, што, раз пагадзіўся на супрацоўніцтва са следствам, застанецца дома", — кажа Вольга.

“Главное, во всём сознавайся”: душевнобольной получил 2 года колонии “за митинг”
Дзмітрый Гопта

Па словах мамы, на судах сын гаварыў з цяжкасцю, пастаянна запінаўся і, "як мантру", паўтараў завучанае. Калі папрасілі расказаць, як усё было, адказаў: "Ну... я... пайшоў... гуляць... Ну... сустрэў сяброў... Там былі мітынгі... Ну... кідалі камянямі... ну... і я кінуў…"

Маці расказвае, што сыну задавалі шмат правакацыйных пытанняў накшталт: "Дзе вы ўзялі столькі камянёў?" Ён адказваў: "Не ведаю". Дзіму пыталіся пра змову ў інтэрнэце, маўляў, 10 жніўня ён камусьці пісаў і прапаноўваў ісці разам на мітынг. Ён нават не змог адказаць, што свайго тэлефона ў яго няма, карыстаецца маміным і інтэрнэт тры дні не працаваў. Хлопец няправільна сказаў, дзе стаялі машыны, у якія ляцелі камяні. Суддзя яго выправіў і спытаў, дзе праўда? Дзіма адказаў, што, напэўна, у словах суддзі.

Вольга кажа, што з усіх сведак, якія былі ноччу на мітынгу, толькі адзін казаў, што быццам бы "бокам" бачыў Дзіму і што той кінуў камень. Таксама ніхто не сказаў, што перапісваўся з хлопцам і загадзя пра нешта дамаўляўся. На відэа, якія разглядалі на пасяджэннях, Дзімы таксама няма.

“Главное, во всём сознавайся”: душевнобольной получил 2 года колонии “за митинг”
Дзіма з пляменнікам

"Калі зачыталі прысуд, усе былі ў шоку. Ніхто з нас да апошняга не верыў у тое, што Дзіму дадуць два гады калоніі. Усе спадзяваліся, што хаця б адправяць на хімію. Дзіма разрыдаўся. "Я не хачу, я не хачу", — казаў ён і плакаў".

Вольга дзякуе людзям, якія параілі Дзіму цёпла апрануцца. У перапынку паміж спрэчкамі сям'я на ўсялякі выпадак заехала дадому па рэчы. Дзіма доўга развітваўся з любімым пляменнікам, а маці паўтарала: "Ну што ты? Ну, пойдзем, хутка вернемся, і яшчэ пагуляецеся". 

Вольга Гопта не перастае спадзявацца на тое, што суддзі перагледзяць рашэнне, і рыхтуе апеляцыйную скаргу. Падпісацца пад петыцыяй з патрабаваннем вызваліць асуджанага Дзмітрыя Гопту можна па спасылцы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі