Футбольная зборная Беларусі выйграла ў гасцях у Ірландыі — 2:1

Футбольная зборная Беларусі выйграла ў гасцях у Ірландыі — 2:1 (1:0). Таварыскі матч прайшоў у Корку. Каманда Аляксандра Хацкевіча рэабілітавалася пасля разгромнага паражэння ў Белфасце ад Паўночнай Ірландыі (0:3). Беларусы правялі добры матч, шмат атрымлівалася ў атацы, надзейна гуляў Сяргей Чэрнік. Лік адкрыў на 20-й хвіліне Міхаіл Гардзяйчук (пасля перадачы Ігара Стасевіча).

Пачатак другога тайма быў за гаспадарамі поля, якія прыціснулі беларускіх футбалістаў да іх брамы. Аднак нашыя адбіліся, а ў адной з контратак на 63-й хвіліне вызначыўся Максім Валадзько (пасля перадачы Мікалая Януша і з дапамогай рыкашэту). Уорд на 72-й забівае гол у адказ. У далейшым лік ужо не змяніўся.

Зборная Беларусі гуляла ў наступным складзе: Чэрнік, Палякоў, Мартыновіч (капітан), Сівакоў, М. Валадзько, Корзун, Гардзяйчук (Паліцевіч, 76), Кісляк, Глеб (Крывец, 91), Стасевіч (Няхайчык, 93), Януш.