Фільмы, кнігі, гурты: як беларускую культуру абвяшчаюць расійскай

Параалімпійскія гульні / БЕЛТА
Параалімпійскія гульні / БЕЛТА

Варта ў Беларусі з'явіцца нечаму крутому, як гэта адразу ж пачынае трапляць у топы "расійскіх" дасягненняў. Сабралі для вас тое, за што крыўдна больш за ўсё: ад нашумелага "Хрусталю" да "Забароненай зоны", якая яшчэ не выйшла, ад Таццяны Заміроўскай да Васіля Быкава.

Фільм “Хрусталь”

Самая гучная беларуская кінапрэм'ера 2018 года — "Хрусталь" Дар'і Жук — стала трапляць у розныя топы "найлепшых рускіх фільмаў" задоўга да таго, як паспела выйсці ў пракат. Фільм яшчэ катаўся па фестывалях, а Wonderzine ужо паспеў дадаць яго ў падборку з загалоўкам "5 самых чаканых рускіх фільмаў". Праўда, неўзабаве "пад ціскам грамадскасці" ў загалоўку з'явілася слова "рускамоўных".

А вось іншыя пакінулі як было. "Масква 24" доўга не думаючы змясціла "Хрусталь" у топ найлепшых "расійскіх фільмаў 2018 года". Кінакрытык Ягор Белікаў і зусім не стрымліваецца ў фармулёўках у рэцэнзіі на film.ru: "Ён ["Хрусталь"] менавіта наш, гэта зусім не нацыянальнае, а вельмі постсавецкае і таму ўніверсальнае ў сваім болі кіно".

Беларуская крытыка паставіла пад пытанне не краіну вытворчасці, а "беларускасць" фільма. "Лакальнай фактуры — акрамя як бы трасяначнай гаворкі ды непазбежнага чырвона-зялёнага — амаль няма. Затое маюць месца ўніверсальныя правінцыйныя атракцыёны. Алка-свята-бойка-клабінг-паці. Звычайнае абы-што", — піша Максім Жбанкоў. Ды і на Еўрарадыё выходзіў тэкст з сумневамі.

Нядаўна беларускія кінааглядальнікі пайшлі далей — і самі змясцілі "Хрусталь" у топ расійскіх фільмаў.

 

Фильмы, книги, группы: как белорусскую культуру объявляют российской

Сумны канец гісторыі пра нацыянальную ідэнтычнасць.

Фільм “Забароненая зона”

Беларускі фільм пра Чарнобыльскую зону, які яшчэ не выйшаў, пазіцыянуецца расійскім пракатчыкам як чыста рускі прадукт. Гэй, беларускае Міністэрства культуры ўклала ў здымкі каля $450 тысяч! Рэжысёр — беларус Мітрый Сямёнаў-Алейнікаў! Але вось некалькі дзён таму выходзіць тызер-трэйлер, і на сайце кампаніі Megogo Distribution, якая займаецца пракатам "Забароненай зоны" ў Расіі, адсутнічаюць любыя згадкі пра Беларусь.

Фильмы, книги, группы: как белорусскую культуру объявляют российской

Гэта пры тым, што і на "Кінапошуку", і ў "Вікіпедыі" паказана, што краіна-вытворца фільма — Беларусь. Магчыма, гэта такая пракатная тактыка — прыбраць любую згадку іншай краіны. А то не дай бог расійскі глядач не пойдзе на беларускае кіно, да якога ў яго відавочна няма ніякага даверу!

Кніга "Зямля выпадковых лікаў" і Таццяна Заміроўская

Беларуская пісьменніца Таццяна Заміроўская днямі трапіла ў топ-7 "новых кніг сучасных расійскіх пісьменніц" ад часопіса Elle са сваёй новай кнігай "Зямля выпадковых лікаў". Магчыма, супрацоўнікі Цэнтра Вазнясенскага, якія складалі топ для часопіса, нават не знайшлі час прачытаць, па-першае, біяграфію аўтара, а па-другое, саму кнігу. Сумнеўна, што пасля апавядання "Чорны бусел" пра магічнае дзеянне аднайменнага беларускага бальзаму можна працягваць лічыць аўтара і кнігу "расійскімі".

 

Фильмы, книги, группы: как белорусскую культуру объявляют российской

Ціма Беларускіх і "Петля Пристрастия”

Расійскае выданне "Афіша" вырашыла апублікаваць дваццатку "найлепшых айчынных альбомаў". Вось толькі аказалася, што "айчыну" аўтар разумее даволі шырока. У падборку ўвайшлі альбомы, якія выйшлі ў Расіі, Украіне, Беларусі і Казахстане. И звук отечества им сладок и приятен!

У топ трапіў Ціма Беларускіх, якога складальнікі назвалі "мінскім выканаўцам". Паміж іншым згадваюць Макса Каржа, але пра Беларусь — ні слова.

Фильмы, книги, группы: как белорусскую культуру объявляют российской

У спісе аказаўся і беларускі гурт "Петля Пристрастия". Зрэшты, і ў яго апісанні няма ні слова пра тое, адкуль ён. Сапраўды, навошта задавацца такім пытаннем, чытаючы артыкул пра "айчынныя альбомы" на расійскім сайце.

Васіль Быкаў

Беларускі класік трапіў у падборку літаратурнага сайта "Горький" — "Руская багна. Сем цудоўных балот з рускай літаратуры ". Аўтары тэксту заходзяць з казыроў заяўляючы, што "наўрад ці знойдзецца іншая літаратурная традыцыя, акрамя рускай, у якой столькі ўвагі было б аддадзена багнам і дрыгве ўсіх масцяў".

У нас для іх дрэнныя навіны: беларуская літаратурная традыцыя па колькасці і багацці апісаных балот на душу насельніцтва з лёгкасцю пераўзыходзіць расійскую. Не кажучы ўжо пра тое, што Васіль Быкаў — наш. А сабе хай пакінуць Дзмітрыя.

 

Фильмы, книги, группы: как белорусскую культуру объявляют российской

Фільм "Урокі фарсі"

Сусветная прэм'ера фільма "Урокі фарсі" адбудзецца на Берлінскім кінафестывалі ў лютым 2020 года. Стужку пакажуць на цэнтральнай пляцоўцы Берлінале — Berlinale Palast. І нягледзячы на ​​тое, што ў вытворчасці фільма ўдзельнічалі тры краіны: Расія, Германія і Беларусь, — у расійскай прэсе пра фільм пішуць як пра расійскі, у ключы "яшчэ адзін расійскі праект едзе на Берлінскі кінафестываль". І гэта пры тым, што фільм "Урокі фарсі" зняты на базе "Беларусьфільма".

"Урокі фарсі" першапачаткова хацеў зняць Цімур Бекмамбетаў, але зняў рэжысёр Вадзім Перэльман. Да гэтага ён займаўся навелай для фільма "Ёлкі 5", драмай "Купі мяне" і некалькімі серыяламі, якія выйшлі ў Расіі.

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі