"Экстрэмісцкую" літаратуру ў бібліятэках будуць выдаваць паводле спецдазволаў

Бібліятэка

Бібліятэка

Кнігі, якія беларускія ўлады прызналі "экстрэмісцкімі", не абавязкова будуць прыбіраць з бібліятэк. Прынамсі, у некаторых бібліятэках яны застануцца, але выдаваць іх будуць паводле спецдазволаў. Пра гэта паведамілі ў эфіры дзяржтэлеканала "Беларусь 1".

Журналісты БТ адзначылі, што да "забароненай" літаратуры часам звяртаюцца навукоўцы "для напісання навуковых артыкулаў або расследаванняў". Верагодна, ім і будуць выдаваць такія дазволы. Праўда сама працэдура пакуль яшчэ не распрацаваная.

"Вось толькі на гэты момант парадак, каму менавіта і ў якіх выпадках можна выдаваць такія асобнікі, яшчэ вызначаецца. Мы працуем над гэтым пытаннем", — кажа намеснік гендырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Віктар Пшыбытка.

У сюжэце паведамляецца, што спецыяльнае сховішча ("спецхран") у бібліятэцы існуе дагэтуль. У савецкія часы, як вядома, там таксама захоўвалі "забароненую" літаратуру.

Асабліва старанна пракурорскія работнікі шукаюць "экстрэмізм" у гістарычнай літаратуры. "Цікавіць наогул уся літаратура. Але, вядома, першачарговую ўвагу надаем гістарычнай літаратуры, бо цяпер такія тэмы на лязе, значныя. Гэта рэабілітацыя нацызму, якая часам сустракаецца ў друкаванай прадукцыі", — тлумачыць начальнік аддзела пракуратуры Віцебскай вобласці Марына Запрудская.

Намеснік дырэктара аднаго з выдавецтваў Юрый Хацкевіч прызнаецца, што ўсе прэтэнзіі да кніг пачаліся пасля 2020 года: "Гэтая сітуацыя не ўзнікла цяпер. Яна ўзнікла ў 2013-м, 2014-м, у 2017 годзе. Нейкія кніжкі друкаваліся, якія да падзей 2020 года выглядалі нейкімі спрэчнымі. Але ў прынцыпе яны не неслі нейкі характар, не ўзгоднены з агульнай лініяй руху. Пасля 2020 года па гэтых кніжках узніклі пытанні".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі