Рэканструкцыя па-беларуску: будынак на Асмалоўцы знеслі і пабудуюць з нуля

У красавіку 2015 года прадзюсарскі цэнтр “Спамаш” пачаў будаўніцтва ўласнага культурнага цэнтра са шматканальнай студыяй гуказапісу сусветнага ўзроўню. Пад гэтыя мэты планавалася рэканструяваць будынак па вуліцы Камуністычнай, 24, які знаходзіцца ў раёне гістарычнага цэнтра Мінска, вядомым пад назвай Асмалоўка. Сам праект рэканструкцыі моцна выбівацца з агульнага ансамблю раёна. Новы будынак будзе чатырохпавярховым, замест ранейшых двух паверхаў і не захавае гістарычнага выгляду.

Рэканструкцыяй такую будоўлю назвалі праз захаванне старога фасаду дома. Але днямі яго таксама зруйнавалі.

Цяпер выглядае, што за будаўнічым плотам нічога няма

Яшчэ два месяцы таму сітуацыя была іншай

“Разумееце, будаўніцтва такая рэч… асабліва рэканструкцыя старых будынкаў, што не ведаеш, што там на самой справе, — перабіваюць адзін аднаго прараб і прадстаўнік замоўцы. — У працэсе дэмантажу канструкцый, якія планавалася дэмантаваць, гэта фасадная сцяна прыйшла ў такі стан, што… Разумееце, будавалі гэта палонныя немцы з гарэлай бітай цэглы, якая не армавалася. Як палонныя немцы ставіліся да нас, напэўна, вы ведаеце. Будынак стаяў амаль без фундамента. Таму тыя мерапрыемствы, якія планаваліся па ўмацаванні гэтай сцяны: свідраванне свідравін, умацаванне фундамента, армаванне і г.д. — губляюць сэнс. Затраты на іх не апраўдвалі тыя працы, якія былі б праведзеныя пры замене гэтай сцяны цалкам”.

Так у красавіку выглядаў фасад

А так ён выглядае сёння

У выніку на тэрыторыі, дзе некалі знаходзіўся жылы дом, цяпер няма ніводнай згадкі пра гэта. Старая цэгла і будаўнічае смецце пасля дэмантажу цалкам вывезенае. Будаўнікі рыюць катлаван пад новы фундамент і плануюць здаць аб’ект ужо ў кастрычніку гэтага года.

Здзіўляе тое, што пасля размовы абодва мужчыны адмаўляюцца прадстаўляцца. Яны знаходзяць гэтаму даволі недарэчныя апраўданні, а потым увогуле пераходзяць на адкрытую абразу.

“Вы прыходзіце і пачынаеце чапляцца да людзей, нават не пытаючыся, ці згодныя яны размаўляць, ці гатовыя на размову. Вы потым зняславіце нас на ўсю рэспубліку і над намі будуць смяяцца ўсе знаёмыя. Я не маю нічога супраць журналістаў, але ведаеце, як у Булгакава: лепей бы іх усіх расстраляць, бо гэта такая набрыдзь! Вы жадаеце нешта такое смажанае паскудненька паднесці.., — мужчыны перарываюцца і выдаюць. — А вы б пастаялі тут дзень, калі мясцовыя жыхары тут ходзяць і просяць: “Ці можаце і гэты будынак знесці, а можаце і той?”.

Уваход на будоўлю сёння

І два месяцы таму

Нагадаем, раней Еўрарадыё размаўляла з мясцовымі жыхарамі, многія былі абураныя распачатай будоўляй. Што праўда сустракаліся і тыя, хто не мог вызначыцца са стаўленнем да вонкавага выгляду культурнага цэнтра, некаторыя бачылі ў так званай рэканструкцыі агульнае выратаванне Асмалоўкі. Але дакладна складана ўявіць, што мясцовыя жыхары прасілі знесці суседнія жылыя будынкі. Хіба толькі, каб адпомсціць дакучлівым суседзям.

Еўрарадыё працягне сачыць за будоўляй культурнага цэнтра “Спамаш” і агульнай сітуацыяй з рэканструкцыяй Асмалоўкі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі