Рэканструкцыя Асмалоўкі: пытання па гістарычнай каштоўнасці будынка не было

Прадзюсарскі цэнтр “Спамаш” пачаў будаўніцтва ўласнага культурнага цэнтра са шматканальнай студыяй гуказапісу сусветнага ўзроўню. Будынак з’явіцца ў раёне гістарычнага цэнтру Мінска, які ў народзе называюць Асмалоўкай. І, мяркуючы па праекце, будзе моцна выбівацца з агульнага ансамблю раёна. Двухпавярховы дом па вуліцы Камуністычнай, 24 пераўтворыцца ў чатырохпавярховы і не захавае гістарычнага выгляду.

“Больш за ўсё ў гэтай сітуацыі мяне бянтэжыць і абурае нейкая такая паддываннасць працэсу, — каментуе жыхар Асмалоўкі, дырэкатар Беларускага камунікацыйнага агенцтва Ezerin Андрэй Езерын. — То бок па тэлевізары галоўны архітэктар горада і іншыя адказныя людзі кажуць пра тое, што Асмалоўку трэба ахоўваць. Ва ўсялякім выпадку, пагаджаюцца, што тут не варта спяшацца, трэба ўсё дакладна прадумаць, бо Нямігу знеслі, а цяпер шкадуем. Я быў на такім ток-шоў на тэлебачанні. А ў выніку ўзнікае факт, з якім мы сёння маем справу. Атрымліваецца, што грамадскае меркаванне не мае ніякага значэння”.

Што праўда, іншыя суседзі дома на Камуністычнай, 24 да будучых зменаў ставяцца больш абыякава.

“Ён, натуральна, будзе выдзяляцца на фоне ўсяго таго што ёсць навокал, — перабіваюць адна адну пенсіянеркі, якія спыніліся паглядзець на план праекта. — Сам па сабе будынак на малюнку нібы прыгожы, але як ён будзе спалучацца з іншымі — невядома. Такі будынак будзе стаяць паміж такімі простымі… не ведаю. Але ўсё лепей, чым будынак у сённяшнім выглядзе”.

Нягледзячы на надпіс “рэканструкцыя будынка нявызначанага назначэння” усе без выключэння мінакі кажуць, што гэты дом калісьці быў жылым. Людзей з яго рассялілі гадоў 5-10 таму — паказанні мясцовых жыхароў змяняюцца ў залежнасці ад узросту. Але цікава, што большасць апытаных нават не бачыла праект, бо звычайна людзі перасоўваюцца праз двары, а выява вісіць толькі на плоце будоўлі з боку вуліцы.

“Асабіста мяне радуе, што пачалася будоўля, — кажа жыхарка раёну, якая прывяла сваё дзіця ў садок побач з будучым культурным цэнтрам. — Для мяне гэта значыць, што хутчэй за ўсё, гэты квартал зносіць не будуць. Апошнія ж гады ідзе барацьба, зносіць ці не зносіць. А цяпер надзея ёсць, што не будуць!”

На пляцоўцы ўжо знаходзяцца будаўнікі. Пакуль яны толькі абносяць тэрыторыю плотам, рыхтуюць камунікацыі ды ачышчаюць памяшканні для спрашчэння далейшай працы. Прараб брыгады спускаецца з даху, каб распавесці, у чым жа менавіта заключаецца рэканструкцыя гістарычнага будынка:

“Застанецца толькі фасадная сцяна, усё астатняе будзе зносіцца, — кажа прараб. — Па шчырасці, там усё ўжо ў аварыйным стане, таму я не ведаю, навошта вырашылі нешта пакідаць. Можа, з нейкіх архітэктурных меркаванняў, не ведаю, бо увесь будынак у аварыйным стане, гэта нават без пытанняў”.

Будаўнік дадае, што днямі аглядаць дом прыедзе камісія, якая і мусіць даць дазвол на дэмантаж сцен. Па планах, новы маналітны будынак будзе здадзены ўжо ў кастрычніку гэтага года.

На пытанне, ці былі нейкія абмежаванні па захаванні культурнай каштоўнасці гістарычнага раёна Мінска, у “Творчай майстэрні №7”, якая займалася праектам культурнага цэнтра, нават здзівіліся. Маўляў, “пытанняў па гістарычнай каштоўнасці з гэтым будынкам не было”.

Не пажадалі размаўляць на гэтую тэму ні ў аддзеле архітэктуры Савецкага раёна Мінска, ні ў Камітэце архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама. Ва Унітарным прадпрыемстве “Спамаш” таксама не знайшлі магчымасцяў адказаць на пытанне, ці былі нейкія абмежаванні ад галоўнага архітэктара сталіцы. А сённяшні дырэктар Прадзюсарскага цэнтра “Спамаш” Ягор Хрусталёў прызнаўся, што папросту не ў курсе будаўнічых пытанняў. Ён займаецца ўнутранымі пытаннямі культурнага цэнтра са шматканальнай студыяй гуказапісу сусветнага ўзроўню.

Нагадаем, Асмалоўкай у Мінску называюць два кварталы ў межах вуліц Багдановіча — Кісялёва — Куйбышава — Камуністычнай. Абаронцы спадчыны прапаноўвалі надаць раёну статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, каб выратаваць яго ад інвестараў. Але ўлады сталіцы не бачаць сэнсу ў захаванні старых дамоў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі