Вы тут

Depeche Mode вернуцца ў Беларусь 13 лютага 2018 года

Фота: www.atomenter.by

Беларусы ўсё ж пачуюць жыўцом свежы хіт Where's the Revolution з новага альбома Spirit, праспяваюць хорам Enjoy the Silence, Personal Jesus, Never Let Me Down Again і іншыя любімыя песні легендарных брытанцаў. 13 лютага 2018 года Depeche Mode усё-такі выступяць у "Мінск-Арэне".

"Вяртанне" Depeche Mode у Мінск адбудзецца паміж канцэртамі ў Гданьску (11 лютага) і Рызе (20 лютага). Менеджмент брытанскага гурта выдаткаваў паўтара тыдня на пошукі магчымасці пераносу канцэрта, які быў адменены 17 ліпеня праз хваробу музыкі Дэйва Гаана.

"Усе жывыя людзі, таму мы з разуменнем паставіліся да сітуацыі з Дэйвам, якая адбылася 17 ліпеня. Мы вельмі радыя рашэнню менеджменту, які бачыў тысячы засмучаных беларусаў каля дзвярэй "Мінск-Арэны", і пасля доўгіх лагістычных разлікаў усё-ткі знайшоў магчымасць дадаць у графік Беларусь, — кажа Андрэй Аляксееў, дырэктар кампаніі "Атам М", якая ладзіць канцэрт з беларускага боку. — Мы дзякуем усім прыхільнікам за цярпенне і чаканне. Рады, што яны спраўдзіліся. Упэўнены, беларусаў будзе чакаць шоў з двайной энергетыкай".

Global Spirit Tour стаў адным з самых паспяховых тураў за больш чым 30-гадовую гісторыю Depeche Mode. Першую частку турнэ, 33 канцэрты ў 20 краінах Еўропы, наведаў больш за мільён прыхільнікаў. Гурт суправаджае 11 фур тэхнікі, а відэашэраг рыхтаваў знакаміты нідэрландскі рэжысёр і фатограф, даўні сябар DM Антон Корбейн.

"Мы з нецярпеннем чакаем вяртання ў Мінск і магчымасці сыграць для беларускіх фанатаў!" — паведамляецца на афіцыйным сайце Depeche Mode.

Усе квіткі, набытыя на канцэрт 17 ліпеня, будуць сапраўдныя 13 лютага. Купіць квіткі на канцэрт можна на сайце канцэртнага агенцтва "Атам М" (без камісіі), на сайтах білетных аператараў і ў касах горада.