Вы тут

Знаходжанне Дэйва Гаана ў беларускай аднамеснай палаце абышлося ў 60 долараў

Фота з instagram depechemode.by  

Вакаліст Depeche Mode Дэйв Гаан правёў мінулую ноч у звычайнай аднамеснай палаце 9-й гарадской клінічнай бальніцы ў Мінску. Перабыванне там музыкі аплаціла страхавая кампанія. Для звычайнага беларуса знаходжанне ў такой палаце абыдзецца ў 20 рублёў у суткі.

"Гэта звычайная аднамесная палата з тэлевізарам, лядоўняй, туалетам і душам", — кажа ў размове з Еўрарадыё галоўны ўрач 9-й бальніцы Валерый Кушнярэнка.

Згодна з цэннікам бальніцы, для замежнікаў сутачнае знаходжанне ў такой палаце, напрыклад, у гастраэнтэралогіі, каштуе 46 долараў. А ў аддзяленні трасплантацыі, дзе, судзячы па фота з лякарні, ляжаў музыка (з Гаанам сфатаграфаваліся дактары і медперсанал менавіта аддзялення трансплантацыі),  — 60 долараў.  За абследаванне і лячэнне хворы плаціць дадаткова. 

Па інфармацыі партала tut.by, Дэйву зрабілі УЗІ і аналізы. Мяркуем, што "беларуская" хвароба музыкі абышлася страхавой кампаніі ў капейкі.