Вы тут

"Дата генератар": 15 ліпеня 1410 года — Грунвальд і канец вайны з крыжакамі

Грунвальдская бітва

У жніўні 1409 года пачалася вайна паміж Польскім каралеўствам і Вялікім Княствам Літоўскім — з аднаго боку, Тэўтонскім ордэнам — з другога. Варожасць паміж імі мела доўгую гісторыю. Ордэн сістэматычна нападаў на землі ВКЛ з 1284 года ("скончылася вайна пруская, пачалася вайна літоўская" — адзначыў тады ордэнскі храніст Пётр Дусбургскі). За 125 гадоў крыжакі больш за 140 разоў прыходзілі на нашы землі з мячом і агнём. Тое ж самае можна сказаць і пра Польшчу.

Паступова ордэн стаў перамагаць усё часцей. Да пачатку XV стагоддзя ён дасягнуў вяршыні сваёй магутнасці. Палякі і ліцвіны зразумелі, што перамагчы ордэн паасобку яны не здольныя. Небяспека была такая вялікая, што Ягайла і Вітаўт адкінулі ранейшыя ўзаемныя крыўды і заключылі сакрэтны ваенны хаўрус.

Галоўнай падзеяй вайны стала бітва на полі паміж вёскамі Таненберг (яловая гара) і Грунвальд (зялёны лес) у Прусіі, куды прыйшло хаўруснае войска. Бітва адбылася 15 ліпеня 1410 года.

Ордэн выставіў 51 харугву — 27 тысяч конных ваяроў. Да іх трэба дадаць 5 тысяч узброеных абознікаў ва ўмацаваным лагеры. Злучанае войска Літвы і Польшчы мела 91 харугву — 32 тысячы ваяроў (без уліку абознікаў).

Сярод іх 49 харугваў былі з Польшчы, 42 — з ВКЛ. У тым ліку 23 з тэрыторыі сучаснай Беларусі: Брэсцкая, Быхаўская, Віцебская, Ваўкавыская, Гродзенская, Драгічынская, Друцкая, Заслаўска-Мінская, Кобрынская, Крэўская, Крычаўская, Лідская, Лукомская, Магілёўская, Мсціслаўская, Нясвіжская, Навагрудская, Ашмянская, Аршанская, Пінская, Полацкая, Слонімская, Слуцкая. А яшчэ 8 харугваў з зямель гістарычнай Беларусі: дзве Віленскія, дзве Троцкія, Медніцкая, Мельніцкая, Смаленская і Старадубская.

Бітву пачало войска ВКЛ (палякі ўступілі ў бой на 2 гадзіны пазней) атакай татарскай конніцы на правым флангу. Потым татары па плане Вітаўта здзейснілі прытворнае адступленне. За імі пагналіся харугвы левага фланга ордэна (якім камандаваў Конрад фон Валенрод). Татары навялі іх на ўмацаваны лагер за багністым берагам невялікай рэчкі Марша. Тут рыцары ў латах і на цяжкіх конях угразлі, былі акружаны і страцілі 4 харугвы, высечаныя ліцвінамі амаль цалкам.

Пасля гэтага рыцары пайшлі ў наступ у месцы стыку паміж польскім і літоўскім войскамі. Але тут яны сустрэлі ўпарты супраціў чатырох харугваў ВКЛ, якімі камандаваў родны брат Ягайлы — Лугвен (у праваслаўі Сімяон). Гэта былі Аршанская, Мсціслаўская і Смаленская харугвы апалчэнцаў, а таксама харугва наймітаў з Ноўгарада Вялікага. Яны панеслі вялікія страты, але не далі немцам магчымасці зайсці ў фланг палякам.

У гэты час і палякі пайшлі ў наступ. Вялікі магістр ордэна Ульрых фон Юнгінген кінуў у контратаку на іх свой правы фланг, а ў разгар бою ўзмацніў гэты фланг рэзервам. Гэта была кульмінацыя бітвы. Наступ палякаў захлынуўся, яны былі на мяжы ўцёкаў.

Аднак у гэты момант левы фланг нямецкага рэзерву магутна атакавалі ліцвіны, а падкуплены агентамі Вітаўта сцяганосец Кульмскай харугвы даў сігнал да адступлення, і некалькі ордэнскіх харугваў, якія змагаліся на правым флангу, сталі адыходзіць. Пасля гэтага бітва ператварылася ў знішчэнне разрозненых акружаных груп ордэнскага войска, якія адчайна супраціўляліся.

Ордэн страціў на Грунвальдскім полі 13 тысяч забітымі і прыкладна 14 тысяч палоннымі (разам з абознікамі), большасць палонных былі параненыя. Польска-літоўскае войска страціла 20 тысяч забітымі, на 7 тысяч больш, чым ордэн. Але хаўруснікі перамаглі!

Пасля разгрому на Грунвальдскім полі Тэўтонскі ордэн яшчэ доўга ваяваў з палякамі, але ў 1525 годзе стаў свецкім герцагствам і васалам Польшчы. А напады крыжакоў на землі ВКЛ спыніліся назаўсёды! Ордэн прайграў "вайну літоўскую"!

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.