Аголеная арматура і бетон на рэйках — пракуратура абследавала масты над чыгункай у Гомелі

Гомельскі мост

Гомельскі мост / фота пракуратуры

Парушэнні правілаў эксплуатацыі і бяспекі выявіла Гомельская транспартная пракуратура падчас праверкі пуцеправодаў над чыгуначнымі каляінамі. Патрабаванням заканадаўства не адпавядаў тэхнічны стан васьмі пуцеправодаў.

На мосце па вул. Магілёўскай была пашкоджаная гідраізаляцыя, на некаторых бэльках адслаіўся бетон і праз гэта была аголеная арматура. На пуцеправодзе "Кузнечны-ІІ" разбурыўся і абсыпаўся бетон тратуарнага блока. 

На пуцеправодзе "Палескі" да апоры моста перад чыгуначнымі шляхамі была прыстаўленая металічная лесвіца са свабодным доступам.

На пуцеправодзе "Поўнач-Поўдзень" вада з водаадводных трубак сцякала на провад кантактнай сеткі, што магло прывесці да замыкання і больш сур'ёзных наступстваў. Агароджа ў асобных месцах не была замацаваная. Бетонныя пліты тратуараў былі пашкоджаныя і абваліліся на рэйкі.

Паведамляецца, што пасля ўмяшання пракуратуры на трох мастах ужо зрабілі ямачны рамонт, аднавілі бетоннае пакрыццё. Лесвіцу да пуцеправода "Палескі" дэмантавалі.

Гомельскі гарадскі дарожны будаўніча-рамонтны трэст распрацаваў план рамонту пуцеправодаў і вызначыў тэрмін заканчэння работ.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.