Калеснікава ў ПАСЕ заклікала не пакідаць Беларусь сам-насам з расійскім дамінаваннем

Марыя Калеснікава

Марыя Калеснікава / LookByMedia

Беларусь нельга пакідаць сам-насам з расійскім дамінаваннем, бо яна таксама з'яўляецца часткай Еўропы. Пра гэта заявіла экс-палітзняволеная Марыя Калеснікава падчас свайго выступу ў ПАСЕ.

Яна падкрэсліла, што Еўропа не заканчваецца на межах Еўрасаюза. Паводле Калеснікавай, еўрапейскую прастору вызначаюць "чалавечая годнасць, свабода і адказнасць адзін за аднаго".

"Гэта каштоўнасці, якімі беларусы па-ранейшаму імкнуцца жыць. Менавіта таму Беларусь застаецца часткай Еўропы. А частка Еўропы, якая знаходзіцца ў небяспецы, не павінна быць ізаляваная", — дадала яна.

Таксама яна звярнулася да дэпутатаў ПАСЕ з заклікам падтрымліваць тых, хто застаецца ў краіне і ў турмах, захоўваць жывыя сувязі з беларускім грамадствам і дапамагчы абараніць незалежнасць і суверэнітэт Беларусі.

Калеснікава выступіла на ўручэнні прэміі ў галіне правоў чалавека імя Вацлава Гавэла. Яна стала лаўрэаткай гэтай прэміі ў 2021 годзе, але атрымаць не магла, бо знаходзілася ў зняволенні. Пры гэжтым беларуска сказала, што навіна аб прысуджэнні прэміі моцна падтрымала яе за кратамі. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.