Вы тут

Ціханоўская — Захаду: пагадненне з Лукашэнкам было б шкодным і амаральным

Святлана Ціханоўская / Фота з сацсетак

Святлана Ціханоўская адрэагавала на варыянт з прыпыненнем санкцый супраць беларускіх калійных угнаенняў, калі афіцыйны Мінск пагодзіцца на транзіт украінскага збожжа ў Літву. Пра яго паведамляюць заходнія СМІ, на гэтую тэму выказваўся генсек ААН.

"У мінулым годзе рэжым выкарыстоўваў міграцыйны крызіс, а зараз гэтак жа выкарыстоўвае ў сваіх мэтах і харчовы крызіс, — піша Ціханоўская. — [Аляксандр] Лукашэнка стварае фальшывыя дылемы: ці голад, ці правы чалавека — і прапануе Захаду выбіраць".

Святлана Ціханоўская пераканана, што "такая ўгода з ім [з Лукашэнкам] — шкодная і амаральная". "Прыкрываючыся турботамі пра голад у свеце, ён спрабуе сысці ад адказнасці за тэрор і саўдзел у вайне, — працягвае выкладаць свае аргументы палітык. — Давайце не забывацца, за што ўводзіліся санкцыі супраць беларускага калія: за рэпрэсіі супраць працоўных і грамадзянскай супольнасці, выкарыстанне мігрантаў у якасці біялагічнай зброі, захоп самалёта, дапамогу [Уладзіміру] Пуціну ў вайне [супраць Украіны]".

Ціханоўская ў сваім каментары падкрэслівае, што "калій — крытычна важны рэсурс для выжывання рэжыму", атрыманыя ад яго продажу грошы "трацяцца на ўтрыманне арміі сілавікоў, спецслужбаў, ваеннай інфраструктуры і вядзенне вайны".

Замест таго, каб "вярнуць рэжыму магчымасць зарабляць на калійных угнаеннях", Святлана Ціханоўская прапануе Захаду ліквідаваць "дыктатарскія рэжымы і ўсе сістэмы, якія пасягнулі на галоўную каштоўнасць у свеце — жыццё чалавека".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.