Вы тут

Генсакратар ААН прапануе змякчыць санкцыі супраць угнаенняў з Беларусі і Расіі

"Беларуськалій" / Еўрарадыё

Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш прапануе змякчыць санкцыі, накладзеныя на экспарт калійных угнаенняў з Беларусі і Расіі. Пра гэта піша The Wall Street Journal са спасылкай на ўласныя крыніцы. 

У абмен на змякчэнне санкцый Расіі прапануюць прапусціць караблі з збожжам з украінскіх партоў.

Паводле звестак WSJ, у перамовах удзельнічае Турцыя — як краіна, якая магла б удзельнічаць у размініраванні партоў і забеспячэнні марскога трафіку.

ААН хоча такімі мерамі змякчыць харчовы крызіс, выкліканы вайной ва Украіне. Рост коштаў на збожжавыя і дэфіцыт харчавання могуць дэстабілізаваць абстаноўку ў бедных краінах, залежных ад украінскага збожжа, і прывесці да канфліктаў.

Як заявіла пастаянная прадстаўніца ЗША пры ААН Лінда Томас-Грынфілд, ААН вядзе перамовы з прадстаўнікамі Расіі і Украіны пра калідоры ў Чорным моры, праз якія можна вывезці збожжа з Украіны. 

На сусветным рынку калійных угнаенняў Беларусь — адзін з асноўных гульцоў. Аднак у 2021 годзе ЕС, ЗША, Вялікабрытанія і Канада ўвялі санкцыі супраць паставак і транзіту прадукцыі "Беларуськалію". Літва на пачатку 2022-га разарвала кантракт на транзіт беларускіх угнаенняў для паставак у трэція краіны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.