Вы тут

Ці парушае Лукашэнка Канстытуцыю, прызначаючы выбары ў парламент на 2019 год?

Аляксандр Лукашэнка \ скрыншот з відэа

Аляксандр Лукашэнка прапанаваў правесці выбары ў Палату прадстаўнікоў у чацвер, 7 лістапада 2019 года, тым самым на 10 месяцаў скарачаючы паўнамоцтвы дэпутатаў. У эфіры Еўрарадыё дэпутат Ганна Канапацкая і праваабаронца Уладзімір Лабковіч заявілі, што гэтае рашэнне парушае Канстытуцыю Беларусі.

Але старшыня Цэнтрвыбаркама Лідыя Ярмошына лічыць, што парушэння няма. Яна называе больш зручную дату правядзення парламенцкіх выбараў — 17 лістапада 2019-га. А на пытанне наконт чатырох гадоў дэпутацкага тэрміну, ад якога Лукашэнка збіраецца адкусіць больш за 20%, Ярмошына адказвае так:

— Ну што паробіш, так склалася.

 

Якія аргументы ў чыноўнікаў?

 

Прызначэнне выбараў у Палату прадстаўнікоў на 2019 год грунтуецца на 91-м артыкуле Канстытуцыі Беларусі:

“Выбары новага складу палат Парламента прызначаюцца не пазней за чатыры месяцы і праводзяцца не пазней за 30 дзён да заканчэння паўнамоцтваў палат дзеючага склікання”.

Не пазней за 30 дзён — гэта і за 31 дзень, і за 10 месяцаў, лічаць чыноўнікі, бо канкрэтных тэрмінаў у 91-м артыкуле Канстытуцыі няма.

 

Што пярэчаць Лабковіч і Канапацкая?

 

93-м артыкулам Канстытуцыі вызначана:

“Тэрмін паўнамоцтваў Парламента — чатыры гады”.

Такім чынам, тэрмін дэпутатаў ПП шостага склікання сканчаецца 5 верасня. Проста так скараціць яго са словамі “ну што паробіш” будзе парушэннем Канстытуцыі, перакананы Уладзімір Лабковіч. А развесці парламенцкую і прэзідэнцкую выбарчыя кампаніі, якія прыпадаюць на 2020 год, можна і не парушаючы Канстытуцыю.

 

Ці можна ўвогуле правесці датэрміновыя выбары ў Палату прадстаўнікоў?

 

Можна. Канстытуцыя сапраўды дазваляе распусціць Палату прадстаўнікоў датэрмінова і правесці датэрміновыя выбары. Чытаем спачатку 93-і артыкул Канстытуцыі:

“У выпадку і ў парадку, прадугледжаных Канстытуцыяй, паўнамоцтвы Палаты прадстаўнікоў альбо Савета Рэспублікі могуць быць спыненыя датэрмінова”.

91-ы артыкул вызначае, калі трэба праводзіць такія датэрміновыя выбары:

“Пазачарговыя выбары палат Парламента праводзяцца цягам трох месяцаў з дня датэрміновага спынення паўнамоцтваў палат Парламента”.

Але каб распусціць Палату прадстаўнікоў раней за тэрмін, калі сканчаюцца яе паўнамоцтвы, патрэбныя важкія падставы. Яны (а таксама падставы, якія робяць роспуск Палаты прадстаўнікоў немагчымым) выкладзеныя ў 94-м артыкуле Канстытуцыі:

“Паўнамоцтвы Палаты прадстаўнікоў могуць быць датэрмінова спыненыя пры адмове ў даверы Ураду, выказванні вотуму недаверу Ураду альбо двухразовай адмове ў дачы згоды на прызначэнне Прэм'ер-міністра.

Паўнамоцтвы Палаты прадстаўнікоў альбо Савета Рэспублікі могуць быць таксама датэрмінова спыненыя на падставе рашэння Канстытуцыйнага Суда ў выпадку сістэматычнага або грубага парушэння палатамі Парламента Канстытуцыі.

Рашэнні па гэтых пытаннях Прэзідэнт прымае не пазней чым у двухмесячны тэрмін пасля афіцыйных кансультацый са старшынямі палат.

Палаты не могуць быць распушчаныя ў перыяд надзвычайнага або ваеннага становішча, у апошнія шэсць месяцаў паўнамоцтваў Прэзідэнта, у перыяд вырашэння палатамі пытання аб датэрміновым вызваленні або змяшчэння Прэзідэнта з пасады.

Не дазваляецца роспуск палат цягам года з дня іх першых пасяджэнняў”.

 

Ці можна, каб “новыя” дэпутаты, выбраныя ў 2019 годзе, проста пачакалі верасня 2020 года, калі скончацца паўнамоцтвы “старых” дэпутатаў?

 

Не. Паводле 93-га артыкула Канстытуцыі,

“Першая пасля выбараў сесія палат Парламента склікаецца Цэнтральнай камісіяй па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў і пачынае сваю працу не пазней чым праз 30 дзён пасля выбараў”.

Адлік гэтых 30 дзён пачынаецца ад дня правядзення выбараў. Такім чынам, абраныя 7 лістапада дэпутаты мусяць пачаць працу не пазней за 7 снежня 2019 года.

 

Што будзе, калі Лукашэнка ўсё ж выдасць указ аб парламенцкіх выбарах у 2019 годзе?

 

Пазіцыя Лідзіі Ярмошынай можа апынуцца для Аляксандра Лукашэнкі бліжэй, чым аргументы Ганны Канапацкай і Уладзя Лабковіча. Тады ён усё ж выдасць указ аб парламенцкіх выбарах у 2019 годзе.

Аспрэчыць такі ўказ можа Канстытуцыйны суд. Але для таго каб пачаць праверку, ён павінен атрымаць адпаведны запыт. А правам звяртацца ў Канстытуцыйны суд валодаюць толькі пяць суб’ектаў: Прэзідэнт, Урад, Палата прадстаўнікоў, Савет Рэспублікі, Вярхоўны суд. Ніхто з іх, уключна з Палатай прадстаўнікоў, з нагоды прызначэння даты выбараў звяртацца ў КС не будзе, перакананая Ганна Канапацкая.