Вы тут

Чалы: супярэчнасці ў эканоміцы растуць, а палітзэкаў выпускаюць не проста так

Пратэсты ў Мінску ў 2020 годзе / Еўрарадыё

Сітуацыя для бізнесу ў Беларусі застаецца незразумелай. Улады абяцаюць, што сумленнаму бізнесу нічога не пагражае, але гаворыцца пра пакаранне "аблудных" і ўзмацненне жорсткасці ўмоў працы для ІП.

Як разумець такую рыторыку, ці ёсць канчатковае рашэнне па пытанні іпэшнікаў і чаму сталі выходзіць на волю палітвязні, незалежны аналітык Сяргей Чалы расказаў у 10-м выпуску "Чалы на канікулах".

 

Супярэчнасцяў у дзеяннях уладаў усё больш

На думку Сяргей Чалага, у Беларусі нарастаюць супярэчнасці як у палітычнай, так і ў эканамічнай сферы.

— Пасланні [ўладаў. — Еўрарадыё] становяцца ўсё больш супярэчлівымі. Мы ўсё ж перагортваем старонку, выпускаем тых, хто аказаўся "аблуднымі", або змагаемся з грамадзянскай супольнасцю, якая "пад выглядам гуманных каштоўнасцяў прасоўвае тэрарызм, мяцеж і рытуальныя забойствы"?

Тое самае ў эканоміцы. Найлепшы перл, які Лукашэнка змог стварыць, — калі ён кажа пра айцішнікаў, якія з'ехалі. Кажа, што з бізнесам, які з'ехаў, будзе разбірацца да ніткі. Раздзяваць можна да ніткі. Зразумела, што з глыбінь падсвядомасці вырастае вельмі цікавы пасыл.

З аднаго боку, мы павінны не чапаць усіх сумленных, а з другога боку, да ніткі будзем разбірацца, шукаць ворагаў і гэтак далей. З медыя таксама ратацыя адбываецца: "Прэс-клуб" выпускаюць, а "БелаПАН" саджаюць.

 

Палітвязняў пачалі выпускаць, але гэта не адліга

19 жніўня выйшлі на волю чатыры фігуранты справы "Прэс-клуба" / Еўрарадыё

Сяргей Чалы адзначае, што палітвязняў улады могуць выпускаць не проста так, а каб у будучыні выкарыстоўваць у сваіх мэтах. У той жа час для ЕС гэтага недастаткова, каб прыпыніць санкцыі і аднаўляць адносіны з беларускай уладай.

— Трэба разумець, як працуюць палітыкі. Яны, можа быць, самі і хацелі б гэтага. Фокус у тым, што Беларусь — гэта ўжо такая тэма, якую простыя замежнікі могуць абмяркоўваць за ранішняй кавай, седзячы дома. А Лукашэнка ў іх ва ўяўленні ўжо чарговы неадэкватны дыктатар.

Таму ў цяперашняй сітуацыі яны гэтага зрабіць не могуць. Немалая доля таго, што так атрымалася, адсоткаў на 80 абумоўлена дзеяннямі самога Лукашэнкі. Астатняя частка — праца не вонкавым контуры Святланы Ціханоўскай, якая не давала, перш за ўсё грамадзянскай супольнасці нават больш, чым палітыкам, забываць, што ж на самай справе адбываецца.

Юлія Слуцкая з дачкой Аляксандрай

З Пратасевічам усе разумелі, чаму ён гэта робіць [удзельнічае ў прэс-канферэнцыях, узначальвае новае дзяржСМІ. — Еўрарадыё]. Цяпер для людзей можа аказацца сітуацыя яшчэ значна больш гідкая. Ніякай дамовы па выхадзе на волю можа не быць.

Але ўявім сабе сітуацыю, што праз тыдзень людзям з "Прэс-клуба" прыходзіць запрашэнне паўдзельнічаць у якім-небудзь круглым стале з тэматыкай перагортвання старонкі. Як у гэтай сітуацыі адмовіцца? І гэта яшчэ больш бязлітасная экзістэнцыйная сітуацыя. Таму што ты застаешся сам-насам са сваім сумленнем.

 

"ІП ідуць туды, куды не ідзе іншы бізнес"

— Версія пра тое, што ўмовы для ІП будуць больш жорсткімі, абсалютна лагічная. Па-першае, мы чулі не так даўно, як Лукашэнка гаварыў пра ІП, якія ім разглядаюцца з падачы КДК як метад пазбягання падаткаў. Хоць гэта далёка не так. Таму што ІП — гэта такі аэрадром для ўваходу ў бізнес. Людзі пачынаюць не са стварэння карпарацый, а з індывідуальнага бізнесу.

ІП гатовыя займаць нішы, якія не цікавыя буйным бізнесам / Еўрарадыё

Па-першае, змены ўмоў функцыянавання ІП анансавалі шматкроць з лютага гэтага года. Гэта значыць, ІП даўным-даўно ўспрымаліся Лукашэнкам як сацыяльна няблізкія, нягоднікі, якія не плацяць падаткаў. І ідэі пераводзіць іх у ПУПы, прыбіраць віды дзейнасці, якія дазваляюць весці спрошчаную сістэму падаткаабкладання, альбо падвышаць падаткі — не новыя. Звязаць гэта са спыненнем рэгістрацыі новых ІП даволі лагічна. Калі дапусціць, што і так давядзецца пагаршаць ім умовы, навошта цяпер набіраць гэтую базу.

Улады спрабуюць шукаць грошы там, дзе можна, як ім здаецца, мінімальна нашкодзіць эканоміцы. Таму разглядаюцца ІП. Я не веру ў тое, што ёсць канчатковае рашэнне іпэшнага пытання. Яны ж не проста так існуюць.

Кітай адклікаў амбасадара з Літвы

Сяргей Чалы таксама пракаментаваў сварку Літвы з Кітаем праз жаданне Літвы адкрыць сваё прадстаўніцтва ў Тайвані. На думку аналітыка, такая на першы погляд нязначная падзея можа азначаць сур'ёзнае змяненне стаўлення Еўрасаюза да Кітая.

— Мне здаецца, што ў Еўрасаюзе і наогул у свеце пачынае спець разуменне таго, што Кітай пад кіраўніцтвам Сі Цзіньпіна пачынае рухацца ў процілеглым кірунку ад таго, якога ад яго чакалі, калі давалі авансы ўваходжання ў СГА па ўмовах краіны, якая развіваецца.

Гэта адбывалася ў надзеі, што лібералізацыя эканамічнай сферы прывядзе да лібералізацыі знешнепалітычнай і ўнутрыпалітычнай. Гэтага не здарылася. Мы бачым, што ідзе барацьба з багатымі, якая так радуе Лукашэнку, таму што ён не адзін такі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.