Допыт цягам 36 гадзін: Юлія Слуцкая пра 8 месяцаў у СІЗА і раптоўнае вызваленне

Юлія Слуцкая / Еўрарадыё
Юлія Слуцкая / Еўрарадыё

19 жніўня чацвёра фігурантаў "Справы Прэс-клуба" нечакана апынуліся на свабодзе — пасля амаль 8 месяцаў у СІЗА. На наступны дзень заснавальніца Press Club Belarus Юлія Слуцкая знайшла некалькі хвілін на тое, каб апавесці Еўрарадыё пра гэты страшны час, пра ружовыя акуляры, пра сукамерніц, якія збіраліся ў калонію, і пра выпадковае — праз "кармушку" ў дзверах камеры — "спатканне" з сынам, якога затрымалі ў той жа дзень, што і яе.

Але пачалі мы з пытанняў пра тое, на якіх умовах ёй удалося выйсці на свабоду, і ці мае да гэтага дачыненне ініцыятыва Юрыя Васкрасенскага.

Еўрарадыё: Вы цяпер вольны чалавек? Ці "вісіць" нейкая справа?

Юлія Слуцкая: Уся каманда прэс-клуба, і я таксама, — мы выйшлі па памілаванні. Гэта памілаванне ў выніку спынення крымінальнай справы паводле артыкула 88-1. Таму чыста фармальна я вольны чалавек. Але я сябе свабодным чалавекам не адчуваю.

Еўрарадыё: Дзень вызвалення. Калі вы зразумелі, што вас будуць вызваляць?

Юлія Слуцкая: Спачатку прыйшоў пракурор з паведамленнем аб спыненні крымінальнай справы. Гэта было да абеду, можа быць у 11 гадзін. Але я не верыла. Не верыла да самага апошняга моманту. У мяне быў час сабраць рэчы, ну і дзесьці пасля абеду нас адвялі ў так званыя "адстойнікі". У самым нізе ёсць такія камеры. Перавалачныя, скажам так. Яны вельмі моцна пахнуць туалетам і хлёркай. Я сядзела і перажывала, што я зараз уся прапахну. Выйду, а я ўся смярдзючая. Гэта было маё самае вялікае перажыванне ў той момант. Гэта доўжылася яшчэ гадзіны тры. Мы хадзілі кудысьці, мы атрымалі грошы, якія былі ў нас на рахунку. Пайшлі з рэчамі на вобшук, быў вобшук. Потым падпісвалі яшчэ нейкія паперы.

Еўрарадыё: Вы тады ўпершыню за восем месяцаў убачылі Пецю?

Юлія Слуцкая: Не ўпершыню. Адзін раз быў такі цуд, калі ў спякоту былі адкрыты "кармушкі", быў пасляабедзенны час, цішыня стаяла, як ні дзіўна. І раптам я чую голас: "Перадайце Юліі Слуцкай прывітанне ад сына". Я хуценька падбягаю да кармушкі, а там стаіць Пеця. Ну яго вялі "на кабінеты" і мабыць вялі дзяўчынак. Яго пакінулі чакаць, а наша камера прама на выхадзе. Я прысела, убачыла яго, і трошкі з ім паразмаўляла.

Еўрарадыё: Ваш выхад на волю неяк звязаны з ініцыятывай Васкрасенскага па памілаванні палітвязняў?

Юлія Слуцкая: Ніякім чынам гэта не звязана з ініцыятывай Васкрасенскага, наколькі гэта я разумею. Нам сапраўды прыйшлі, усім зняволеным з нашай камеры, якія сядзяць "па палітыцы", лісты ад Васкрасенскага з прапановай напісаць яму ліст аб тым, што мы хацелі б праз яго атрымаць амністыю. З нашай камеры яму не адказаў ніхто, і я ў тым ліку. І гэта было ўсяго за два тыдні да "Вялікай размовы". Такія справы не робяцца так хутка.

У першы раз да нас прыйшлі з прапановай напісаць прашэнне аб памілаванні даўно, у пачатку лета. Да Васкрасенскага гэта не мела ніякага дачынення. Я тады сумнявалася. Але потым прыняла рашэнне пагадзіцца. Па-першае, таму што я не адна, са мной каманда. І людзям трэба жыць, а не сядзець у турме. Па-другое, таму што нам не давялося, не трэба было агаворваць кагосьці. Калі б трэба было кагосьці агаворваць, то гэтага б не адбылося — мы б сядзелі. Мы агаворвалі толькі сябе. І мы прынялі рашэнне, што нам усё роўна, мы гэта зробім. Я прасіла астатніх, каб яны прынялі такое ж рашэнне.

Мы шмат у камеры размаўлялі пра гэта. І ў нас ёсць людзі, якія ніколі не падпішуць памілаванне. Гэта іх пазіцыя. І яны маюць на гэта права. Але мы маем права на нашу пазіцыю. Я лічу, што быць на волі важней.

Еўрарадыё: Раскажыце пра дзень затрымання восем месяцаў таму.

Юлія Слуцкая: Усе мы ведалі, што такое можа адбыцца, нават маральна рыхтаваліся. Але гэта тое, да чаго ніколі нельга быць гатовым. І калі гэта адбываецца, ты да апошняга не верыш, што гэта адбываецца насамрэч. Мне ўвесь час здавалася, што гэта нейкае непаразуменне, што хутка ўсё рассмокчацца. Гэта такая вельмі вялікая слабасць, гэта тое, што робіць нас слабымі ў такія моманты. Разумеючы гэта, там працуюць добрыя псіхолагі, яны гэтым маніпулююць. То абяцаюць выпусціць, калі ты нешта распавядзеш, то равуць, кажуць, што пасадзяць на нары пад бяздомную, якая будзе на цябе... гэта значыць усё гэта ўжываецца туды-сюды. Мой першы допыт доўжыўся 36 гадзін, каб вы разумелі. Гэта без сну, калі я ўжо без сіл, проста папрасіла дазволіць мне паспаць, сказала, што я ні слова больш не магу вымавіць, я проста без сіл. І я паспала гадзіну на стале пры ўключаным святле, паклаўшы галаву на рукі на стол.

Еўрарадыё: Калі вы даведаліся, што вашага сына затрымалі?

Юлія Слуцкая: У канцы гэтага допыту, перад тым як нас павезлі на Акрэсціна. Мне тады прад'явілі пастанову аб затрыманні. Або аб прымяненні такой меры стрымання, як арышт, я ўжо шчыра кажучы не памятаю, якую менавіта. І там ужо быў мой сын, я зразумела, што затрымалі большую частку каманды і яго ў тым ліку. Я вельмі доўга не разумела, за што. Версіі былі самыя розныя. І допыты былі таксама самыя розныя. У канцы, калі я ўбачыла вось гэтую пастанову, і ўбачыла, што там падаткі — мне стала смешна. Мне здалося, што ўсё гэта дзіцячы сад. І цяпер мы з гэтым усе хуценька разбяромся. Ага.

Еўрарадыё: Як наогул з камеры СІЗА выглядае тое, што адбываецца за сценамі ізалятара?

Юлія Слуцкая: У нас было вельмі крывое люстэрка. Па-першае, практычна ўсе навіны мы атрымлівалі праз беларускае тэлебачанне. Я вельмі многае даведалася за гэты час аб беларускім тэлебачанні. Там адкрытая мова варожасці. Непрыкрытая, адкрытая. І гэта, вядома, дужа балюча было чуць.

Часам мы маглі здагадвацца, што здарылася, бо ў аўтарскіх праграмах досыць часта абмяркоўваліся навіны, хоць прама не гаварылася, пра што гэта. Гэта таксама адна такая прыкмета, нешта абмяркоўваць, не кажучы, што абмяркоўваюць. Але ў прынцыпе, маючы навык працы з інфармацыяй можна было нешта вылавіць.

Яшчэ адной крыніцай інфармацыі былі людзі, якія да нас прыбывалі. Склад камеры пастаянна мяняўся. Не таму што людзі выходзілі на волю. За ўвесь час, колькі я была, на волю выйшла толькі адна — Таццяна Гацура, калі ў яе скончыліся дзесяць сутак. У яе чацвёра дзяцей, я так разумею, што яна праз гэта выйшла. І тое, калі Таня сыходзіла, мы не разумелі, пераводзяць яе ў іншую камеру ці выпускаюць. Мы надавалі ёй апельсінаў, яблыкаў... гэта быў адзіны выпадак, калі ў нас чалавек выйшаў на волю.

Калі я толькі трапіла ў СІЗА, для мяне было дзіка, што дзяўчынкі абмяркоўвалі як яны паедуць у калонію ў Гомелі. Яны рыхтаваліся, спісы нейкія перасылалі: што можна, што нельга. Можна толькі чорнае, усё без капюшонаў, байкі чорныя, кеды чорныя, майкі чорныя. І нават на шкарпэтках не можа быць палосачкі і плямкі — яны ўсе павінны быць чорнымі. Я слухала і думала: "Божа, чаму яны пра гэта думаюць, усё адбудзецца раней, чым прыйдзе гэты час". Але прыйшоў час, і гэтыя дзяўчынкі паехалі на Гомель. Гэта студэнткі, яны пакуль яшчэ не ў калоніі, але яны ў гомельскім СІЗА, на апеляцыі. Гэта Антаніна Канавалава, якая ішла па справе "Арміі з народам". Яна па-мойму таксама яшчэ ў гомельскім СІЗА. Але вось яшчэ пару дзён і яны будуць у гомельскай калоніі. І вельмі шмат людзей ужо паехалі ў гомельскую калонію. І аказалася, што я па-ранейшаму ў ружовых акулярах. Гэта было вельмі сумна.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі