Белтэлекам увядзе Wi-Fi ў камерцыйную эксплуатацыю сёлета ўлетку

"Камерцыйная эксплуатацыя бяздротавага доступу ў Інтэрнэт па тэхналогіі Wi-Fi можа пачацца ўлетку 2008 г. Пакуль цяжка назваць дакладны месяц, але мы разлічваем, што гэта будзе на пачатку другога паўгоддзя", - заявіў прадстаўнік "Белтэлекаму".

У кампаніі адзначылі, што рашэнне пра пачатак камерцыйнай эксплуатацыі выкліканае ростам попыту. Так, найбольшая колькасць падключэнняў па краіне складае 200 і штотыдзень павялічваецца на 20-40. Цяпер бяздротавы доступ у Інтэрнэт даецца на некамерцыйнай аснове, у рэжыме доследнай эксплуатацыі. Цяпер у краіне працуе 115 пунктаў Wi-Fi-доступу, у тым ліку 77 пунктаў на 46 аб'ектах -- у Мінску.

"Развіццё Wi-Fi у райцэнтрах пачнецца толькі разам з камерцыйнай эксплуатацыяй, бо патрэбныя сур'ёзныя інвестыцыі", - сказалі ў "Белтэлекаме", дадаўшы, што кампанія звярнулася ў сертыфікацыйныя органы па дазвол на стварэнне пунктаў доступу ў райцэнтрах.

У панядзелак "Белтэлекам" аднавіў працу ўсіх пунктаў Wi-Fi у Мінску і падлучыў 5 новых -- у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтва, у клубе "Чыкага", а таксама ў сэрвісных цэнтрах кампаніі.

Тэхналогія Wi-Fi (Wireless Fidelity) - сучасная бяздротавая тэхналогія аб'яднання камп'ютараў у сетку ці падлучэння іх да Інтэрнэту праз выкарыстанне высокачастотных радыёхваляў.

"Белтэлекам" пачаў эксплуатацыю Wi-Fi у ліпені 2007 г. ў Мінску, а да канца 2007-га - і ў абласных гарадах.