Беларус, які мяняў ДНЖ у Польшчы з пашпартам Новай Беларусі, агучыў сваю версію

Пашпарт Новай Беларусі

Пашпарт Новай Беларусі / прэс-служба Офіса Ціханоўскай

Беларус, які ў Польшчы падаў пашпарт Новай Беларусі, расказаў сваю версію падзей. Яна істотна адрозніваецца ад той, якую агучыла ініцыятыва "Партызанка".

Напярэдадні з'явілася інфармацыя пра нашага суайчынніка, якому пагражае пазбаўленне міжнароднай абароны ў Польшчы. Прычынай называлася тое, што пры падачы дакументаў на падаўжэнне дазволу на жыхарства ён падаў пашпарт Новай Беларусі, які не з'яўляецца афіцыйна прызнаным дакументам.

У гутарцы з "Нашай Нівай" Дзмітрый расказаў, што два гады таму ён атрымаў дадатковую абарону ў Польшчы. У лістападзе 2025-га падаваў дакументы на падаўжэнне дазволу на жыхарства. Афіцыйны пашпарт у яго ўжо быў пратэрмінаваны, таму мужчына вырашыў запісаць у дакументах, што мае пашпарт Новай Беларусі, атрыманы ім у верасні таго ж года.

Ва Упраўленні па справах замежнікаў на пашпарт Новай Беларусі адрэагавалі спакойна. Супрацоўнік нават папрасіў сфатаграфаваць дакумент для сына, бо той цікавіцца беларускай тэматыкай.

"Мы вельмі міла пагутарылі. І я ўпусціў момант: трэба было прыкласці копію пашпарта. Я не паспеў, але быў упэўнены, што яны самі зробяць копію. Гэта маё ўласнае глупства", — адзначае Дзмітрый.

Праз некалькі дзён яго дакументы разглядаў іншы супрацоўнік і пабачыў у іх пераліку згадку пра пашпарт. Ён вырашыў, што беларус з'ездзіў на радзіму і атрымаў там новы пашпарт, а такія паездкі не дазваляюцца пры статусе міжнароднай абароны. Ён пачаў працэдуру праверкі перагляду статусу. "Думаю, калі б перад яго вачыма ляжала ксеракопія майго пашпарта з «"Пагоняй" на вокладцы, пытанняў было б значна менш", — мяркуе беларус.

У снежні 2025-га Дзмітрый даў пісьмовыя тлумачэнні, падаў ксеракопіі, а яшчэ праз два тыдні атрымаў карту пабыту — зноў прад’явіўшы ва ўпраўленні пашпарт Новай Беларусі.

Ён дадае, што крымінальнай справы на яго пачаць не могуць, бо ён не выкарыстоўваў падробку і адразу паведаміў, што гэта дакумент альтэрнатыўны афіцыйнаму, які пакуль што нідзе не прызнаецца.

Дзмітрый лічыць важным надалей пашыраць сферу выкарыстання новага беларускага пашпарта: "Хтосьці афармляў на яго сім-карткі, хтосьці прад’яўляў пры пасадцы ў самалёт, хтосьці выкарыстоўвае яго ў польскіх банках. Трэба правяраць на трываласць межы існуючых магчымасцяў і ствараць новыя".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.