Вы тут

“Барані сваё аж да знішчэння здраднікаў ― вось наша нацыянальная ідэя”

Адам Глобус, фота Еўрарадыё

За амаль тры дзесяцігоддзі незалежнасці Беларусь так і не здолела сфармуляваць нацыянальную ідэю. Яе няма ні ва ўлады, ні ў апазіцыі, не можа яе ўцямна выказаць ні грамадзянская, ні экспертная супольнасць. Але ці сапраўды гэта так? Адказ шукаем у чарговым выпуску аўтарскай праграмы “Ідэя Х” Змітра Лукашука і Максіма Гарунова разам з паэтам Адамам Глобусам.

Зміцер Лукашук:  У папярэдніх праграмах мы пачулі ад экспертаў, што нацыянальная ідэя ў Беларусі ўжо ёсць. бо нацыя існуе, і гэтак далей. Тым не менш, Лукашэнка кажа, што нацыянальная ідэі няма, на дайшлі мы да яе ці не дараслі. Ваша меркаванне, спадар Адам, ёсць нацыянальная ідэя, ці нам трэба яе неяк выпрацоўваць, альбо можна недзе пакапацца ў нейкіх архівах і знайсці?

Адам Глобус: Па-першае, што значыць, пакапацца, знайсці? Калі мы ёсць, ёсць Беларусь, то адпаведна ёсць беларуская ідэя. Без ідэі не паўстала б ні Беларусь, ні наша мова, ні наша культура, ні наша дзяржава. Можна сфармуляваць вось так вельмі проста, як яна гучыць для мяне: “Барані сваё”. Калі ў некага ёсць іншая ідэя, то хай выкажа яе і мы, мабыць, паспрачаемся. Беларуская ідэя — гэта пафасная ідэя. Ёсць нацыянальная ідэя дзяржавы, якой мы з’яўляемся, і нацыянальная ідэя імперыі. Нацыянальная ідэя імперыі — гэта заўсёды экспансія, месіянства, а нацыянальная ідэя дзяржавы — гэта менавіта абарона: вось наш дом, мая сям’я, я абараняю яе, абараняю сваю мову, сваю культуру, сваю дзяржаву ў тым ліку.

Максім Гаруноў: Але пры гэтым Беларусь за тое, каб стаць часткай Еўрасаюза?

Адам Глобус: Калі мы дзяржава, мы так ці інакш маем стасункі з вялікімі імперыямі. І, напрыклад, Купала гэта вельмі дакладна апісваў: ёсць заходнія вучоныя, усходнія вучоныя. Заходнія вучоныя нас цягнуць на захад, усходнія на ўсход. Бываюць часы, калі нас наогул можна падзяліць, і частка будзе на ўсходзе, а частка на захадзе. Пра гэта добра напісаў наш геніяльны Колас: “Нас падзялілі, нас не спыталі”. Такое можа быць, я дапускаю, што нас могуць падзяліць. Заўсёды любая дзяржава, якой бы яна ні была, частку сваіх правоў дэлегуе нейкай імперыі. Мне хацелася б, напрыклад, каб мы менш дэлегавалі сваіх правоў на ўсход, і крышку больш на захад. Але разам з тым не гублялі сваю ідэнтычнасць.

Зміцер Лукашук: Некалькі тыдняў таму мне вельмі спадабаўся момант, калі на расійскім канале ў Максіма Галкіна беларуская дзяўчынка, якая ўдзельнічала ў гэтай праграме, выправіла яго — “Белоруссия” на “Беларусь”. Мы як нацыя дараслі да таго, што мы не нейкая там “Белоруссия”, а менавіта “Беларусь”. Але вось ці дараслі мы да таго, каб “бараніць сваё”?

Адам Глобус: Ну, адназначна. Па-першае, тут ёсць тактычныя моманты: з дзяўчынкай, журналістамі, прэзідэнтамі і нават з палітычным Глобусам. Ёсць палітычныя мапы, і гэта такая тактыка, як мы сёння сабе паводзім і баронім на рускім тэлебачанні. А ёсць стратэгія. Мне як паэту, напрыклад, больш цікава не мітуслівая геапалітыка, а такая фундаментальная геапаэтыка. І таму я як паэт разумею, што нацыянальная ідэя фармулюецца нашымі паэтамі, літаратарамі, нашымі як бы бацькамі нацыі. Заўсёды імперыі як бы прызначаюць нам сваіх класікаў. Ёсць пісьменнікі і любімыя паэты нацыі, якіх мы самі выбіраем для сябе. І гэта, канешне, Багдановіч і Караткевіч. Менавіта яны і сфармулявалі такую жорсткую паэтычную тактыку нашай беларускай ідэі: не проста барані сваё, а жорстка барані сваё. І ўсе, хто будзе здраджваць Радзіме, будуць жорстка пакараныя. Карацей, “Біце ў сэрцы іх — біце мячамі, не давайце чужынцамі быць!”. Гэта не проста значыць, што здраднік будзе злоўлены і пакараны, ён будзе проста забіты. Тое ж самае ў Караткевіча ў “Дзікім паляванні караля Стаха”: усе здраднікі Радзімы, ўсе, хто прадалі караля свайго Стаха і зямлю, будуць пакараныя, і іх нашчадкі будуць таксама пакараныя. Вось такая беларуская ідэя, жорсткая і бескампрамісная.

Максім Гаруноў: Пэўны час таму я размаўляў са сваімі кіеўскімі знаёмымі, і прапанаваў ім такі эксперымент: уявім сабе, што ў 1991 годзе ў Расіі ўсё атрымалася. Выкажам здагадку, што Гайдару ўдаліся яго рэформы. Выкажам здагадку, што Барысу Мікалаевічу Ельцыну ўдалося ачысціць дзяржапарат ад дрэнных людзей. Выкажам здагадку, што ў 1991 годзе Чубайс, Гайдар, Кох, Ельцын — ім усім удалося зрабіць з Расіі тое, што зрабілі немцы з Германіі пасля 1945 года. Каб Расія з апошняй архаічнай зямельнай імперыі раптам ператварылася ў краіну, у якой свабода, роўнасць, братэрства, асвета. Вось калі б гэта ўсё адбылося, які быў бы лёс нацыяналістаў ва Украіне? І мае знаёмыя, людзі даволі радыкальныя, адказалі: “Хутчэй за ўсё, мы б іх ўтапілі ў Дняпры”. То бок, гэта адрыванне ад Расіі не звязанае з тым, што Расія — глабальнае абсалютнае зло, а з тым, што ў Расіі так і не атрымліваецца стаць нармальнай краінай. Замест таго, каб будаваць прыстойную дзяржаву, Расія застаецца такой Зоркай смерці са Зорных войнаў. Вялікая машына, якая заточаная пад вайну. І я такое ж пытанне адрасую вам: што было б, калі б Расіі ўдалося, як бы паводзілі сябе беларускія нацыяналісты ў гэтай сітуацыі?

Адам Глобус: Я адразу патлумачу, што я паэт, і перакананні ў мяне не нацыяналістычныя і не архаічныя. Я анархіст па перакананнях, прытым, радыкальны анархіст, анархаідывідуаліст. Таму лёс нацыяналістаў мяне наогул мала хвалюе. Мяне хвалюе мая сям’я, мае суседзі, мая вуліца, якую я буду бараніць, мой горад, мая сталіца і мая дзяржава, таму што мне гэта бліжэй, разумееце? Так, мяне хвалюе мой народ, мая нацыя, мая мова, таму што гэта маё. Здзіўляцца, што Расія не робіцца дзяржавай, не трэба, яна проста застаецца імперыяй, і паводзіць сябе як імперыя. Але гэта не апошняя імперыя. Мы маем імперыю Кітай, напрыклад, якая паводзіць сабе больш жорстка і больш радыкальна ў параўнанні з Расіяй. Не трэба абсалютызаваць Расію, таму што, вось, Пекін адносна сваіх правінцый паводзіць сабе больш жорстка, чым Расія паводзіць сабе адносна сваіх правінцый. Я так лічу.

Зміцер Лукашук: Мы высветлілі, што беларуская нацыянальная ідэя ў нас не толькі ёсць, але яна і выражаецца ў такім лёгказапамінальным слогане: “Барані сваё”. Як можна гэты слоган данесці да беларусаў, каб яны яго ўспрынялі? Не сакрэт, што ў Беларусі даволі шмат прыхільнікаў так званага рускага свету. Як мы ў адпаведнасці з гэтай канцэпцыяй павінны паступіць з такім вось чалавекам?

Адам Глобус: “Біце ў сэрцы іх — біце мячамі, не давайце чужынцамі быць!”

Зміцер Лукашук: Ну, гэта вельмі прыгожы верш беларускага класіка, а ў рэальнасці як мы павінны паступіць? Мы ж законапаслухмяныя грамадзяне, ёсць крымінальны кодэкс.

Адам Глобус: Ну дык мы і не рэжам нікога, мы папярэджваем. І гэта нават не папярэджванне, мы проста цытуем нашых класікаў.

Зміцер Лукашук: Але яшчэ хацелася б ведаць, у якой больш прыгожай упакоўцы падаваць гэтае “Барані сваё”? На якой мове і пад якім сцягам?

Адам Глобус: Мае значэнне, таму што стратэгія “Барані сваё” ― гэта Пагоня, бела-чырвона-белы сцяг, сімволіка, прыхільнікі і гэтак далей. Але калі пойдзе экспансія сёння, і наша войска будзе бараніць сваё пад сцягам сённяшняй дзяржавы, то я скажу, канешне, што пад сённяшнім сцягам трэба таксама бараніць сваё.

Зміцер Лукашук: Як данесці ўжо фактычна распрацаваную нацыянальную ідэю да пераважнай большасці беларускага грамадства?

Адам Глобус: Справа ў тым, што калі твая сям’я аддадзеная беларускай ідэі, то трэба спадзявацца на якасны скачок.

Зміцер Лукашук: Што трэба зрабіць, каб і на дзяржаўным узроўні прыжылася гэтая ідэя?

Адам Глобус: Беларуская ідэя мяне больш хвалюе не ў сучасным палітычным кантэксце, а вось у гэтым глыбінным, літаратурна-культурным вырошчванні гэтай ідэі. І потым, яе нельга прыспешваць. Калі мы думаем, што мы ўвойдзем у Еўропу, частку сваіх палітычных правоў ім дэлегуем, мы ўсё адно застанёмся Беларуссю са сваім паўночным кліматам, са сваім тапаліным пухам, з гэтым вечным хлюпаннем носам.

Зміцер Лукашук  Максім, на заканчэнне, як табе нацыянальная ідэя ў выглядзе “Барані сваё”?

Максім Гаруноў: Добра гучыць. У мяне толькі адно невялікае ўдакладненне: калі і я бараню сваё на тэрыторыі Беларусі, я ― беларус?

Адам Глобус: Вядома.