Вы тут

“Алімпійскія” матрацы і халяльная ежа: Студэнцкая вёска ў Мінску стала спартовай

Апошнія трэніроўкі перад стартамі / Раман Пратасевіч, Еўрарадыё

Студэнцкая вёска ў Мінску падчас буйных спаборніцтваў ператвараецца ў невялічкі горад са сваёй інфраструктурай. Пакуль студэнты, расселеныя па іншых інтэрнатах, працуюць валанцёрамі II Еўрапейскіх гульняў, у іх пакоях жывуць атлеты з іншых краін.

Першае, што заўважна, — высокія агароджы і ахова. Каб трапіць унутр спартовай вёскі, давядзецца прайсці два пасты аховы. Валанцёры разам з міліцыяй не толькі патрулююць перыметр, але і пільна сочаць за тым, што адбываецца ўнутры. Пабачыць тут супрацоўнікаў АМАПа — справа звычайная.

На ўсіх будынках вёскі ў вокнах ды на балконах вісяць сцягі розных дзяржаў — суседзямі апынаюцца Азербайджан, Латвія ды Сербія. Тут і там сустракаем спартоўцаў, якія толькі прыехалі ў вёску. Рэсэпшаны заваленыя валізкамі і экіпіроўкай, а прадстаўнікі Нідэрландаў прывезлі з сабой пару дзясяткаў ровараў.

Студэнцкія пакоі пасля касметычнага рамонту крыху змяніліся. Тут цяпер новая мэбля, матрацы, якія адпавядаюць стандартам Алімпійскіх гульняў, і хуткасны інтэрнэт.

У вольны час спартоўцы могуць пагуляць у міні-гольф, аэрахакей ці кікер. Самая загружаная частка вёскі — гэта стадыён і невялічкі спартовы комплекс. Тут адначасова трэніруюцца некалькі дзясяткаў чалавек. Іншыя спартоўцы — у трэнажорцы, якая побач.

У былой студэнцкай паліклініцы пасля мадэрнізацыі амаль імгненна можна атрымаць вынікі аналізу крыві. Сюды паставілі і новае абсталяванне для іншых відаў аналізаў, і прыстасаванні для аднаўлення спартоўцаў пасля трэніровак ды стартаў: гідрамасажныя ванны, ледзяныя басейны і г. д. Як кажа персанал, працэдуры карыстаюцца ў атлетаў вялікім попытам, так што трапіць сюды не так проста.

У спартовай вёсцы працуе сталовая на дзве тысячы месцаў. Яна падзеленая на дзве залы. Плюс асобнае памяшканне з беларускай кухняй, плюс кругласутачны салат-бар. Дыяпазон ежы — ад салатаў ды лёгкіх перакусаў да халяльнай ежы і піцы.

Пакуль што замежным спартоўцам усё падабаецца — яны пасміхаюцца і выглядаюць шчаслівымі. Запасаемеся папкорнам для цырымоніі адкрыцця, якая адбудзецца 21 чэрвеня ў 21:00.