Вы тут

6 рублёў за дзень: паёк салдата ў Беларусі каштуе танней, чым ежа зняволенага

Фота Сяргея Гудзіліна 

На харчаванне для салдат тэрміновай службы за 2019 год плануецца патраціць 45 млн рублёў. Гэта вынікае з тэндара, абвешчанага Міністэрствам абароны.

Скрыншот Еўрарадыё

На харчаванне 9 тысяч 950 салдат у воінскіх часцях Мінскай вобласці і горада Мінска, Мінабароны выдаткоўвае 21,8 млн рублёў. Дзелім апошнюю лічбу на колькасць вайскоўцаў, потым на 365 дзён — і атрымліваем, што на харчаванне беларускага салдата ў сярэднім выдаткоўваецца па 6 рублёў за дзень. Прыкладна такая ж сума атрымліваецца пры падліках па іншых рэгіёнах.

Ці сапраўды гэта так? У прэс-службе Міністэрства абароны Еўрарадыё адказваюць, што падлічыць, колькі грошай праядае адзін вайсковец у сталовай… немагчыма!

“Па колькасці на чалавека малаверагодна, што вы нешта зможаце падлічыць, — кажа прэс-сакратар Мінабароны Уладзімір Макараў.  — Гаворка ідзе пра стандартны паёк для вайскоўцаў, каларыйнасць якога не саступае пайку NATO. Гэта адзінае, што я магу пацвердзіць”.

А тэндар Мінабароны праводзіць таму, што беларускае войска паступова адмаўляецца ад гатавання ежы ў армейскіх кухнях на карысць арганізацый грамадскага харчавання. Па словах Уладзіміра Макарава, гэта дазваляе палепшыць якасць ежы для салдат і не адрываць іх ад вайсковай падрыхтоўкі. Сёння ў 70% сталовых у вайсковых часцях салдат кормяць арганізацыі грамадзянскага харчавання.