"Як у рэстаране". Вязні ізалятараў плацяць за ежу ў 2,5 раза больш, чым наядаюць

"Як у рэстаране". Вязні ізалятараў плацяць за ежу ў 2,5 раза больш, чым наядаюць

Калі верыць міліцыі, на трохразовае харчаванне чалавека, якому не пашанцавала трапіць у беларускі ізалятар часовага ўтрымання, дзяржава выдаткоўвае па 10 рублёў 50 капеек за дзень. Прынамсі, такой лічбай праваахоўнікі пахваліліся падчас візіту ў Магілёўскі ІЧУ членаў грамадскага савета пры МУС.

"Калі чалавека пазбаўляюць свабоды, яго пазбаўляюць самага галоўнага. Свабоды, волі. Я запытаўся ў жанчын, якія там сядзяць, якія іх самыя вялікія жаданні. Яны адказалі: жыць у сям'і, пабачыць дзяцей. Ісці па вуліцы — вось такія жаданні. Таму чалавека нельга караць прыніжэннем яго чалавечай годнасці. Абмежаваннем у ежы, нават у інфармацыі. Яго пакаралі самым страшным — абмежаваннем волі!" — распавядае Еўрарадыё старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька, які ўваходзіць у грамадскі савет пры МУС.

Генадзь Браніслававіч пабываў у тым самым Магілёўскім ізалятары. Ежу, якой кормяць вязняў, не каштаваў. Але, кажа, звонку там усё больш чым прыстойна.

Лічба ў 10 рублёў 50 капеек на харчаванне сапраўды не выглядае як пакаранне. Калі яна праўдзівая, дык харчаванне "жыхароў" ІЧУ каштуе больш за 300 рублёў на месяц. Гэта больш, чым сярэдняя пенсія па ўзросце (291,43 рубля) і ледзь не ўдвая больш, чым бюджэт пражытковага мінімуму (174,52 рубля). Прычым, пенсіянеры і малазабяспечаныя грамадзяне на гэтыя грошы не толькі харчуюцца, але і апранаюцца, і плацяць "камуналку".

А пераможца конкурсу "Абедаю, як дэпутат", які нядаўна праводзіла Еўрарадыё, на 10,5 рубля змог бы паабедаць восем разоў. І яшчэ б 58 капеек засталося.

"Як у рэстаране". Вязні ізалятараў плацяць за ежу ў 2,5 раза больш, чым наядаюць
Абед ад МУС, што ўваходзіць у паёк на 10,5 рубля, і абед са студэнцкай сталоўкі за 1 рубель 24 капейкі.

Колькі напраўду каштуе харчаванне ў Магілёўскім ізалятары?

Абедзеннае меню затрыманых, кошт якога ўваходзіць у 10,5 рубля: на першае — капуста (суп), на другое — рысавая каша з катлетай. І кампот. "Як у рэстаране!" — убачыўшы такі абед, кажа спявачка і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ірына Дарафеева, якая таксама ўваходзіць у грамадскі савет пры МУС. І гэта правільнае параўнанне: як і наведвальнікам рэстарана, вязням ізалятара даводзіцца плаціць за сваю ежу. Кошт пытання — якраз палова базавай велічыні за дзень, то бок 10 рублёў 50 капеек.

Генадзь Давыдзька прызнаўся Еўрарадыё, што харчуецца ў сталоўцы на першым паверсе Белтэлерадыёкампаніі. Ён кажа, што добра паабедаць там можна за 3-5 рублёў. Калі на сняданак і на вячэру не браць вустрыц і шампанскае, трохразовае харчаванне лёгка можна ўкласці ў тыя ж 10 рублёў 50 капеек, якія бяруцца з вязняў.

"Як у рэстаране". Вязні ізалятараў плацяць за ежу ў 2,5 раза больш, чым наядаюць
Абед у магілёўскай турме №4. Фота: сайт МУС.

Колькі насамрэч каштуе ежа, якой кормяць вязняў? 28 кастрычніка тэлефануем у той самы ізалятар, які днямі наведвалі прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі. Дзяжурны зачытвае нам меню на сёння:

"Сняданак — каша вязкая рысавая, гарбата з цукрам, хлеб. Абед — суп бульбяны з макаронай, капуста тушаная, шніцаль, соль, хлеб, кампот з сумесі сухафруктаў. Вячэра — каша вязкая грачаная, катлета рыбная (скумбрыя)".

Побач з кожнай стравай у меню — кошт. Лічым разам з дзяжурным, і атрымліваецца, што за дзень вязні Магілёўскага ІЧУ "наелі" на 3 рублі 91 капейку. Па словах дзяжурнага, кошты ў меню заўжды прыкладна такія ж. Часам катлета на вячэру бывае з іншай рыбы, але прынцыпова нічога не мяняецца. Атрымліваецца, за харчаванне з вязняў у Магілёўскім ізалятары бяруць у 2,5 раза больш, чым яно рэальна каштуе.

Відэа з магілёўскіх папраўчых установаў. Наведванне сталоўкі — з 1:18.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі