Вы тут

5 універсальных аргументаў супраць смяротнага пакарання

Ілюстрацыйнае фота / ria.ru

У Расіі абмяркоўваецца адмена мараторыю на смяротнае пакаранне. Нагодай стала забойства дзевяцігадовай дзяўчынкі ў Саратаве — мясцовыя жыхары патрабавалі лінчаваць падазраванага ў забойстве дзіцяці. Каля месца здарэння адбыўся стыхійны мітынг, некаторыя відавочцы паведамлялі, што паліцыі давялося нават ужыць слезацечны газ, каб разагнаць людзей.

Пасля забойства апытанне аб адмене мараторыю апублікавала афіцыйная група расійскай Дзярждумы ў сацыяльнай сетцы "Вконтакте". Пытанне, зададзенае карыстальнікам, гучала так: "Як вы лічыце, ці трэба вярнуць смяротнае пакаранне для забойцаў дзяцей і педафілаў?"

На час публікацыі гэтага матэрыялу сцвярджальны адказ далі звыш 79 працэнтаў апытаных. Аглядальнік незалежнага расийскага выдання "Новая газета" прывёў пяць аргументаў супраць увядзення вышэйшай меры пакарання ў Расіі. Гэтыя аргументы супраць смяротнага пакарання ўніверсальныя і цалкам дастасоўныя да іншых краін, у тым ліку і да Беларусі — адзінай краіне ў Еўропе, дзе існуе выключная мера пакарання. З 1990 года ў выніку прысудаў расстраляныя 400 чалавек.

1. Нельга выключаць судовай памылкі

Першы аргумент асабліва прагматычны, ён звязаны з магчымасцю судовай памылкі. Зняволенага, асуджанага за злачынства, якога ён не здзяйсняў, можна вызваліць, а час, праведзены за кратамі, хоць бы збольшага кампенсаваць прабачэннямі ад грамадства і грашыма. Вярнуць чалавека з таго свету і папрасіць прабачэння ў яго не атрымаецца. Нават калі вы ў прынцыпе верыце, што забойства чалавека дзяржавай можа быць маральна апраўданым, вы павінныя выступаць супраць смяротнага пакарання праз недасканаласць следства і судовага працэсу.

2. Сувязі паміж смяротным пакараннем і ўзроўнем злачыннасці не існуе

Другі аргумент таксама адсылае да наступстваў смяротнай кары. Не існуе даследаванняў, якія знаходзілі б карэляцыю паміж увядзеннем пакарання і зніжэннем узроўню злачыннасці. Адзіным наступствам смяротнага пакарання становіцца павелічэнне колькасці гвалту і трупаў. На гэта звычайна пярэчаць, што грамадства не павіннае ўтрымліваць злачынцаў, так што кара мае эканамічную мэтазгоднасць. Аднак калі мы верым, што ў нас ёсць маральны абавязак выратаваць любога чалавека ад галоднай смерці, накарміўшы яго талеркай бясплатнага супу, то і злачынцы не могуць быць выключэннем. Мы не пытаемся ў таго, хто тоне, ці добрая ці ў яго была адзнака па паводзінах у школе і ці няма ў яго судзімасці.

3. Дзяржава не можа прыпадабняцца да злачынцы

Адсюль вынікае трэці аргумент: дзяржава не можа паводзіць сябе як злачынца і прыпадабняцца да яго. Якім бы жорсткім ні было злачынства, справядлівым адказам на яго можа быць толькі ізаляцыя асуджанага. Калі злачынца — маральны монстр, мы тым больш павінныя быць гуманнымі да яго, каб не быць да яго падобнымі, адрознівацца ад яго і ў канчатковым выніку мець права на тое, каб гаварыць ад імя справядлівасці.

4. Жыццё чалавека — не ўласнасць дзяржавы

Чацвёрты аргумент сцвярджае, што наша жыццё не з'яўляецца ўласнасцю дзяржавы. Жыццё не была падараванае нам дзяржавай і не можа быць адчужанае на яе карысць ні пры якіх абставінах, так што не існуе такіх сітуацый, у якіх смяротнае пакаранне апраўданае. Кожны з нас можа распараджацца сваім жыццём як хоча, дзяржава не можа пазбаўляць жыцця нікога, і мы не маем маральнага права дэлегаваць ёй такія паўнамоцтвы нават у выніку дэмакратычнага рэферэндуму.

Смяротнае пакаранне — гэта заўсёды злачыннае злоўжыванне ўладай.

5. Ніхто не павінен выконваць працу ката

Нарэшце, пяты аргумент звязаны з тым, што ні адзін канкрэтны чалавек не павінен выконваць працу ката. Забойства, санкцыянаванае дзяржавай, па сваіх маральных наступствах нічым не адрозніваецца ад любога іншага забойства.

Спытайце сябе, хацелі б асабіста вы расстраляць чалавека і ці хацелі б жыць у грамадстве тых, хто зрабіў такі добраахвотны выбар у якасці прафесіі.