1000 долараў перасылалі з Беларусі ў Новую Зеландыю ў шакаладнай цукерцы

Супрацоўнікі Мінскай рэгіянальнай мытні з пачатку года спынілі больш за 300 спробаў незаконна пераслаць замежную валюту ў міжнародных паштовых адпраўленнях праз Нацыянальны аэрапорт "Мінск" і пункт мытнага афармлення "Мінская пошта", паведамляе БЕЛТА.

Напрыклад, 1000 долараў мытнікі знайшлі ў шакаладнай цукерцы, упакаванай у дзве абгорткі. Грошы перасылалі з Беларусі ў Новую Зеландыю.

З дапамогай сканераў у двух паштовых адпраўленнях з Лівана ў Мінск выявілі ліванскія фунты. У адным адпраўленні было 200 банкнот па 1 тысячы ліванскіх фунтаў, у другім — пяць банкнот па 100 тысяч ліванскіх фунтаў. Ад мытнага кантролю іх хавалі паміж паперай і кардонам.

Ва ўсіх выпадках грошы на агульную суму ў эквіваленце больш за 23 тысячы долараў канфіскаваныя да рашэння суда. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.