Авіярэйс Мінск-Масква гадзіну кружыў над Цвярской вобласцю
Маршрут рэйса "Белавія" з Мінска 11 кастрычніка 2026 года / flightradar24.com
Самалёту кампаніі "Белавія", які ляцеў з Мінска ў Маскву ўвечары 11 кастрычніка, давялося каля гадзіны кружыць над тэрыторыяй Цвярской вобласці Расіі.
Гаворка ідзе пра рэйс B2977. Яго палёт з Мінска ў Маскву павінен доўжыцца каля гадзіны. Самалёт узляцеў 11 кастрычніка ў 20:15, а прыкладна праз 25 хвілін стаў кружыць над паўднёвым захадам Цвярской вобласці, як паказвае сэрвіс Flightradar. Борт заставаўся там каля гадзіны і зрабіў восем кругоў. У 23:00 самалёт прызямліўся ў аэрапорце Шарамеццева.
У зваротны рэйс гэты самалёт адправіўся таксама са спазненнем на дзве гадзіны.
На гэтую затрымку паскардзіўся карыстальнік сацсеткі Threads, які звярнуўся да беларускай авіякампаніі: "Белавія", можа, неяк варта было паінфармаваць, што з Шарамеццева рэйс затрымаецца?" Адказу ад авіякампаніі ён не атрымаў.
Увечары 11 кастрычніка ў Шарамеццева ўводзілі "часовыя абмежаванні ў перыметры паветранай прасторы". Апошнімі днямі гэта адбываецца праз украінскія атакі дронаў і паветраных шароў.