Вы тут

Жыхарку Чэрыкава вызвалілі ад "дармаедскага" збору з другога разу

Ілюстрацыя: www.ivankmit.com.

У 2015 годзе Ала Пятрова з Чэрыкава перажывае анкалагічную аперацыю, два месяцы праводзіць на бальнічным, а пасля доўга ўзнаўляецца ад хваробы. Увесь гэты час Ала Міхайлаўна не працуе і ў выніку, у дадатак да ўсіх няшчасцяў, атрымлівае квітанцыю на аплату "дармаедскага" збору ад падатковай інспекцыі.

"У мяне неперарыўны працоўны стаж — 35 гадоў. Чаму ў нашай краіне я лічуся дармаедам, а не прыкладам для дармаедаў? Я ім [чыноўнікам. — Еўрарадыё] кажу: давайце сацыяльнае апытанне зробім. Выйдзем у горад Чэрыкаў, вось сюды, на плошчу, і запытаемся: дармаед я ці не? Няхай людзі вырашаць, калі нашыя камісіі не могуць! Чаму ў Дэкрэце №3 не прадугледжаная норма вызвалення такіх грамадзянаў, якія ўсё жыццё працавалі, ад прымусу да працы, каб не ставіць іх у адзін шэраг з дармаедамі?" — скардзіцца Еўрарадыё Ала Пятрова.

12 студзеня Аляксандр Лукашэнка карэктуе свой дэкрэт, дазваляючы дэпутатам мясцовых саветаў вызваляць ад збору людзей, якія знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Ала Міхайлаўна звяртаецца ў Чэрыкаўскі райвыканкам з просьбай вызваліць яе ад "дармаедскага" збору. Але чыноўнікі не знаходзяць яе становішча цяжкім.

Абураная жанчына піша скаргу ў Магілёўскі аблвыканкам. Там адказваюць, што дэпутатам "дадзенае права, а не абавязак" вызваляць ад збору "на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў". "З боку Чэрыкаўскага райвыканкама парушэнняў заканадаўства Рэспублікі Беларусь наконт адмовы даць вам ільготу не дапушчана", — чытае жанчына з паперы за подпісам першага намесніка старшыні Магілёўскага аблвыканкама Алега Чыкіды.

Але праз пару дзён Алу Пятрову неспадзявана выклікаюць у райвыканкам. "Мне патэлефанавалі і ласкава прапанавалі напісаць другую заяву на савет дэпутатаў. Я адразу кажу: ніякіх больш даведак, ніякіх выпісак збіраць не буду — рабіце афіцыйныя запыты самі. І што вы думаеце? Не спатрэбіліся даведкі!" — радуецца жанчына.

Атрымліваецца, пакуль у вобласці разглядалі скаргу Алы Міхайлаўны на мясцовых чыноўнікаў і шукалі аргументы для абгрунтавання іх рацыі, тыя самі зразумелі, што далі маху, і змянілі пазіцыю. Але аблвыканкам па інерцыі ніякіх парушэнняў у іх першым рашэнні не знайшоў.