Святлана Ціханоўская назвала самую вялікую пагрозу для дыктатараў
Святлана Ціханоўская на канферэнцыі Forum 2000 / прэс-служба Ціханоўскай
11 кастрычніка Святлана Ціханоўская ўзяла ўдзел у міжнароднай канферэнцыі Forum 2000 у Празе, паведамляе яе прэс-служба.
У сваім выступе лідарка беларускіх дэмакратычных сілаў гаварыла пра салідарнасць, важнасць перамогі Украіны, падтрымку палітвязняў і ўсіх, хто супрацьстаіць дыктатурам. Таксама яна падкрэсліла неабходнасць адзінства дэмакратычнага свету перад агульнымі пагрозамі.
Акрамя таго Ціханоўская звярнула ўвагу на тое, якую важную ролю адыгрываюць агульнаеўрапейскія каштоўнасці:
"Я ведаю, як цяжка захоўваць надзею, калі навокал столькі дрэнных навін. Але дыктатары хочуць, каб мы адчувалі сябе бяссільнымі. Давайце не будзем даваць ім такой радасці. Еўропа моцная дзякуючы сваім каштоўнасцям. Ніколі не адмаўляйцеся ад іх. І ніколі не недаацэньвайце ўласную сілу. Не верце Пуціну. Не верце Лукашэнку. І не бойцеся іх. Заставайцеся адзінымі. Заставайцеся ўпэўненымі. Не губляйце аптымізму. Бо найвялікшы падарунак, які мы можам зрабіць дыктатарам, — гэта наш страх. А самая вялікая пагроза для іх — наша мужнасць".
Міжнародная канферэнцыя Forum 2000 праходзіць з 1996 года. Яе заснавальнікамі былі прэзідэнт Чэхіі Вацлаў Гавел, японскі філантроп Ёхэй Сасакава і нобелеўскі лаўрэат Элі Візель. Штогод на яе ў Прагу збіраюцца палітыкі, праваабаронцы і прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці з розных краін. Сёлета сярод удзельнікаў форуму — лідарка дэмакратычных сілаў Венесуэлы, а таксама прадстаўнікі дэмакратычных рухаў Нікарагуа, Тыбету, М’янмы і Турцыі. У мерапрыемстве таксама ўдзельнічаў старшыня Сената Чэхіі Мілаш Выстрчыл.