“За снежань у сакавіку”. На Віцебшчыне людзі месяцамі сядзяць без заробкаў

“За снежань у сакавіку”. На Віцебшчыне людзі месяцамі сядзяць без заробкаў

Працаўнікам унітарнага прадпрыемства “Галубічы” і КУСХП “Яблынька” на Глыбоччыне дагэтуль не выплацілі заробкі за лістапад і снежань мінула года. Пра гэта ў Фэйсбуку паведаміў мясцовы жыхар Кастусь Шыталь. Па яго словах, людзі, якія месяцамі сядзяць без заробкаў, баяцца скардзіцца на кіраўніцтва, бо асцерагаюцца помсты.

Еўрарадыё высветліла, калі людзі атрымаюць свае заробкі і як выжываюць без грошай па некалькі месяцаў.

Заробак невысокі, але і яго не выдаюць

На прадпрыемстве “Галубічы” вырабляюць мясную і малочную прадукцыю. Раней “Галубічы” з’яўляліся філіялам “Глыбоцкага мясакамбіната”. У Глыбокім Еўрарадыё паведамілі, што былыя філіялы цяпер самастойныя прадпрыемствы.

У бухгалтэрыі УП “Галубічы” Еўрарадыё распавялі, што за лістапад заробкі ўжо выплацілі, а за снежань абяцаюць аддаць сёння [19 сакавіка. — Еўрарадыё].  

“За лістапад выплацілі цалкам, сёння будзе закрыты снежань, — адказалі на прадпрыемстве. — У нас цэлы комплекс праблем: зніжэнне вытворчасці, дапушчаныя пралікі. На сённяшні дзень на прадпрыемстве недахоп абаротных сродкаў. Дамовай прадугледжана, што да 30% заробку выдаваць прадуктамі праз краму ці сваёй прадукцыяй. Заробкі невысокія, каля 370 рублёў”.

“Жывём на заробак мужа”

У гаспадарцы “Яблынька” сітуацыя аналагічная. Прадпрыемства займаецца жывёлагадоўляй. Заробкі тут затрымалі з канца мінулага года. Сёння [19 сакавіка. — Еўрарадыё] людзям таксама выплацілі грошы за снежань.

“Праз месяц абяцаюць за студзень выплаціць, — распавялі Еўрарадыё ў эканамічным аддзеле. — На 1 красавіка ў нас не павінна быць запазычанасцяў. Па чатырыста рублёў зарабляем. У мяне муж не ў гаспадарцы працуе, таму мы на яго заробак жывём. Калі двое ў гаспадарцы, дык нават не ведаю, як жывуць”.

Як паведамілі Еўрарадыё ў Дэпартаменце дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства працы, сёння ў краіне налічваецца 192 прадпрыемствы, якія парушылі тэрміны ці парадак выплаты заробкаў. 84 з іх — у Віцебскай вобласці.   

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі