За палову сутак зарэгістравалі амаль 7 тысяч даменаў БЕЛ

За палову сутак зарэгістравалі амаль 7 тысяч даменаў БЕЛ

Свабодная рэгістрацыя даменаў БЕЛ пачалася сёння ў 00.01. За гэты час было зарэгістравана 6 906 даменаў, кажа Сяргей Павалішаў з УП "Надзейныя праграмы". За першую гадзіну было зарэгістравана 1300 даменаў, да 9-й раніцы — больш за 2 000.

Да сённяшняга дня дамены БЕЛ прадавалі праз дабрачынныя аўкцыёны. Самы дарагі дамен авто.бел быў прададзены за 21 000 долараў, реклама.бел купілі за 15 000 долараў.

Усяго на аукцыёны было выстаўлена каля 2 тысяч "прыгожых" даменаў БЕЛ. За іх кошт атрымалася сабраць 3,6 млрд рублёў, якія пайшлі ў 14 дзіцячых дамоў у Беларусі.

Каб пазбегнуць масавай рэгістрацыі даменаў адной асобай, пасля рэгістрацыі 5 даменаў наступае перапынак, калі дамены рэгістраваць нельга. Для тых, хто рэгіструе 10 і болей даменаў, гэты перапынак павялічваецца. За кошт такіх інтэрвалаў адзін чалавек не можа адразу зарэгістраваць шмат даменаў. Але ў зоне "by" ёсць фізічныя асобы, якія маюць сотні даменаў. У аднаго чалавека нават больш за 800 даменаў "by". Не выключана, што такое можа быць і ў новай даменнай зоне. Дарэчы, фірмам — рэгістратарам даменаў забаранілі рэгістраваць дамены на сябе.

Юрый Каргаполаў з украінскага сеткавага інфармацыйнага цэнтра мяркуе, што ў Беларусі могуць укараніцца доўгія кірылічныя дамены, як гэта адбылося ў англамоўных краінах з даменамі на лацініцы.

Калі запускалі дамен РФ, у першы дзень было зарэгістравана 100 000 даменаў, зараз каля 700 000, кажа Міхаіл Якушаў з ICANN. Калі параўнаць колькасць насельніцтва нашых краін, то беларусам трэба зарэгістраваць да канца дня 7 тысяч даменаў, каб абагнаць дамен РФ па тэмпах.

Каля 80% беларусаў абіраюць для сваіх сайтаў дамены ў зоне by. Сёння зарэгістравана больш за 122 500 даменаў by. Які будзе попыт на кірылічныя дамены, пакажа час.

Фота: ria.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі