Банк Revolut другі раз за месяц паведаміў пра ўцечку даных
Revolut / GETTY, SOPA Images
Банк Revolut другі раз за месяц паведамляе пра ўцечку даных.
Адпаведнае паведамленне атрымалі кліенты з брокерскімі рахункамі, перадае Бі-Бі-Сі. Як вынікае з ліста, хакеры ўзламалі інфраструктуру кампаніі DriveWealth, праз якую кліенты банка праводзяць угоды з амерыканскімі акцыямі. Інцыдэнт адбыўся 4-5 верасня. У рукі зламыснікаў маглі трапіць такія звесткі, як імя, email, тэлефон, паштовы адрас, грамадзянства, праца, узрост і пол кліентаў.
У Revolut кажуць, што для еўрапейскіх кліентаў пад пагрозай аказаліся даныя ад снежня 2023-га па чэрвень 2025 года. У гэты перыяд банк пераходзіў на новую мадэль працы на еўрапейскіх рынках і перастаў наўпрост перадаваць даныя сваіх кліентаў у DriveWealth.
Саму інфраструктуру банка ўзлом не закрануў.
Пра папярэдні выпадак уцечкі даных стала вядома 12 верасня. Тады ў банку паведамілі, што невядомыя выкарыстоўвалі рэальныя ўрадавыя email-адрасы, каб адпраўляць фіктыўныя запыты аб даных. У Revolut запэўніваюць, быццам у рукі зламыснікаў трапіла асабістая інфармацыя "вельмі невялікай колькасці карыстальнікаў".