Вы тут

За два месяцы па справе экс-гітарыста "Ляпісаў" не прайшло ніводнага пасяджэння

Святлана Мірошкіна, сястра музыкі / Еўрарадыё​

Ужо два месяцы нічога не чуваць пра справу нябожчыка экс-гітарыста "Ляпіса Трубяцкога" і Trubetskoy Руслана Уладыкі. Апошняе пасяджэнне прайшло 20 студзеня. Падчас яго была прызначаная судова-медыцынская экспертыза.

"У судзе паабяцалі, што калі вынікі будуць гатовыя, мне вышлюць позву, і пасяджэнні адновяцца, — кажа Еўрарадыё сястра музыкі Святлана Мірошкіна. — Я чакаю яе з дня на дзень. Думаю, за столькі часу экспертызу ўжо можна было правесці. Але пакуль цішыня".

Гітарыста "залатога складу" "Ляпісаў" знайшлі збітым і без прытомнасці побач з барам на мінскай вуліцы Солтыса вечарам 6 ліпеня 2019 года. Ён правёў у коме 6 месяцаў. Дактары зрабілі некалькі аперацый, але выратаваць музыку не ўдалося. 19 студзеня, якраз напярэдадні запланаванага пасяджэння ў судзе, ён памёр.

"Вынікі экспертызы павінныя дапамагчы разабрацца, ад чаго канкрэтна памёр брат, — працягвае Святлана. — Там куча пытанняў: ці ёсць нейкія цялесныя пашкоджанні? Можа быць, яму далі нейкі прэпарат, і смерць наступіла праз гэта. Раптам яго наогул кінулі на зямлю... Спецыялісты павінныя дакладна ўстанавіць, што смерць надышла з прычыны цяжкай чэрапна-мазгавой траўмы, якая прывяла да поліарганнай недастатковасці".

Абвінавачаны на працэсе / Еўрарадыё

Абвінавачаным па справе праходзіць 37-гадовы Сяргей Ш.

2 месяцы таму Святлана казала Еўрарадыё, што што за смерць брата павінныя адказаць і іншыя людзі, якія былі ў кампаніі Сяргея. На яе думку, іх трэба расстраляць. Ці змянілася яе меркаванне?

"Я хачу, каб высветлілі праўду і прызначылі максімальны тэрмін", — кажа жанчына.

Руслан Уладыка быў пахаваны 21 студзеня 2020 года на могілках вёскі Абчак пад Мінскам.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.