Сястра Руслана Уладыкі крычала абвінавачванаму: "Забойца! Каб ты згніў!"

Абвінавачванага ў збіцці Руслана Уладыкі вядуць у залу суда / Еўрарадыё
Абвінавачванага ў збіцці Руслана Уладыкі вядуць у залу суда / Еўрарадыё

20 студзеня мусіў аднавіцца суд па справе аб збіцці гітарыста "Ляпіса Трубяцкога" і Trubetskoy Руслана Уладыкі. Напярэдадні, 19 студзеня, музыкант памёр у бальніцы, не прыходзячы ў прытомнасць, пасля шасці месяцаў комы. Пасяджэнне пачалося са спазненнем 45 хвілін — і скончылася, ледзь паспеўшы пачацца.

Калі абвінавачванага — 37-гадовага Сяргея Ш. — заводзілі ў залу суда, Святлана — сястра Руслана — закрычала: "Забойца, каб ты згніў! Ты забіў майго брата!" Дзяржабвінаваўца адразу ж падаў хадайніцтва — зрабіць перапынак у пасяджэнні да 15:00. Суддзя задаволіў хадайніцтва і абвясціў перапынак.

Перад пасяджэннем Святлана расказала Еўрарадыё пра справу. "Я лічу, што ён не адзін [павінен сядзець на лаве падсудных], а група асоб была, — кажа яна. — Яны блытаюцца ў паказаннях. Хлусня, супярэчнасці. Я не здзіўлюся, калі справа будзе адпраўлена на даследаванне. І артыкул перакваліфікуюць на 207-ы [разбой. — Еўрарадыё].

Абвінавачваны сцвярджае, што барсетку [Руслана Уладыкі] забралі гэтыя двое. Але з-за недаказанасці віны іх адпусцілі. Яны — следчы мне сказаў — ішлі як сведкі. Супраць абвінавачванага. І кажуць, што барсетку не бралі. Што тэлефона майго брата не бачылі і не закладвалі... Але тэлефон знайшлі ў чалавека, які сядзіць па 328-м артыкуле. А абвінавачваны сцвярджае, што яны разам заклалі тэлефон і там непадалёк наркотыкі ўзялі. Але гэтыя двое ўсё адмаўляюць. А чацвёрты з іх групы перасек 13 ліпеня мяжу, з'ехаў у Львоў".

Святлана лічыць, што вінаватых у смерці яе брата трэба расстраляць.

Сестра Руслана Владыко кричала обвиняемому: "Убийца! Чтобы ты сгнил!"
Сястра Руслана Уладыкі / Еўрарадыё

Вечарам 6 ліпеня 2019 года Руслана Уладыку — гітарыста "залатога складу" гурта "Ляпіс Трубяцкі" — знайшлі збітым у непрытомным стане побач з барам на мінскай вуліцы Солтыса. Уладыку шпіталізавалі, яму зрабілі некалькі аперацый. З тых часоў ён знаходзіўся ў коме.

Раніцай 19 студзеня музыкант памёр. Развітацца з ім можна будзе ў аўторак, 21 студзеня, у 11:30 у пасёлку Прывольны пад Мінскам, у царкве Святога Мікалая Цудатворца. Пахаваюць музыканта ў вёсцы Абчак у 13:00.

Кулаком, у якім у вас вазелін? Як ідзе суд па нападзе на гітарыста "Ляпісаў"

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі