Вы тут

Памёр гітарыст "Ляписа Трубецкого" Руслан Пан Уладыка

Руслан Уладыка / Еўрарадыё

У Мінску 19 студзеня памёр беларускі музыка, гітарыст гурта "Ляпис Трубецкой" Руслан Пан Уладыка. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў прадзюсар "ляпісаў" Яўген Калмыкоў.

Улетку легендарнага гітарыста збілі ў Мінску, ён паўгады праляжаў у коме і памёр 19 студзеня а 6-й раніцы, не прыходзячы ў прытомнасць. Дату і месца развітання з Русланам Уладыкам сваякі назавуць пазней.

У гэтыя дні праходзіць суд па справе аб збіцці Руслана Уладыкі. Яўген Калмыкоў ў размове з Еўрарадыё не выключыў, што абвінавачванне па справе будзе перакваліфікаванае.

Руслан Уладыка нарадзіўся 12 ліпеня 1972 году. Ён быў адным з тых, хто ў канцы 1980-х стварыў гурт "Ляпис Трубецкой".

Руслан прайшоў шлях "ляпісаў" ад пачатку да канца і граў усе песні гурта — ад "Ау" да "Воинов света". Ён быў сціплым чалавекам, любіў размаўляць пра гітары, і не любіў — пра палітыку. Ад фанатаў ён атрымаў мянушку "Пан Руслан".

На працягу 25 гадоў Уладыка быў гітарыстам "ляпісаў", а ў 2014 годзе, калі гурт распаўся, стаў груць у Trubetskoy. Увечары 6 чэрвеня 2019 года ён трапіў у рэанімацыю. Руслан зайшоў у бар на вуліцы Солтыса ў Мінску — літаральна на дзве хвіліны. Праз гадзіну яго знайшлі збітым, у непрытомным стане.

Еўрарадыё выказвае спачуванні сваякам і сябрам Руслана Уладыкі. Мы будзем памятаць, Пан Руслан. І будзем слухаць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.