Гурт Filamaty выклаў у сеціва першы альбом
Першы альбом гурта "Філаматы" / Андрэй Дубінін
Гурт Filamaty выклаў у сеціва дэбютны альбом з сямі трэкаў. Цяпер ён дасяжны на ўсіх папулярных лічбавых пляцоўках.
У склад Filamaty увайшлі музыкі гурта Relikt — Алесь Дземідзенка, Віталь Макшун і Зміцер Наркевіч, а таксама паэт і музыкант Уладзь Лянкевіч (Syndrom Samazvanca, Luty Sakavik, SnopSnoŭ, ex-TonqiXod).
"Filamaty — гэта літаратурна-музычны праект, у якім гісторыя таварыства філаматаў ператвараецца не ў музейную лекцыю, а ў жывую размову з уласным адлюстраваннем: пра тое, як у розныя эпохі людзі шукаюць сяброў, свабоду і сэнс", — распавядаюць музыкі пра свой праект.
Яны параўноўваюць гучанне гурта з антыкварнай парэпанай рамай у сучасным інтэр’еры.
Таварыства філаматаў — сакрэтная арганізацыя, створаная ў 1817 годзе па ініцыятыве групы студэнтаў Віленскага ўніверсітэта. Сярод яго заснавальнікаў і членаў былі Адам Міцкевіч, Тамаш Зан, Ян Чачот і іншыя. Пазней гурток філаматаў ператварыўся ў даволі буйную арганізацыю з шматлікімі філіяламі ў розных рэгіёнах Беларусі.
Абірайце пляцоўку, на якой вам зручней слухаць новы альбом.